ком, прымацаваным да правага запясця, з густымі чорнымі брывамі; у левай руцэ ў яго быў кіёк, увесь укрыты шышкамі (таксама, як і яго нос). Шыя яго была абвязана чорнай шоўкавай хусткай, з-пад якой тырчэлі канцы такога вялізнага цвёрдага каўнерыка, што нагадвалі маленькія парусы. Відавочна, гэта быў той самы чалавек, для якога прызначалася трэцяя шклянка, і, відавочна, ён гэта ведаў, бо, зняўшы грубае паліто і павесіўшы на асобны цвік за дзвярыма такі цвёрды глянцаваты капялюш, які адным сваім выглядам мог выклікаць боль у галаве жаласлівага чалавека і які пакінуў чырвоную паласу на яго ўласным ілбе, нібы на ім быў надзеты вельмі цесны для яго таз, — ён прысунуў крэсла да таго месца, дзе стаяла шклянка, і ўсеўся перад ёй. Звычайна гэтага наведвальніка называлі капітанам; і ён быў штурманам[1] або матросам каперскага судна[2], або і тым, і другім і сапраўды меў выгляд марскога воўка.
Фізіяномія яго, якая звяртала на сябе ўвагу загарам і саліднасцю, праяснілася, калі ён паціскаў руку дзядзьку і пляменніку; але, як відаць, ён быў схілены да лаканізма і сказаў толькі:
— Як справы?
— Усё ў парадку, — адказаў містэр Джылс, падсоўваючы да яго бутэльку.
Ён узяў яе, агледзеў, панюхаў і сказаў зусім выразна:
— Тая самая?
— Тая самая, — пацвердзіў інструментальны майстар.
Пасля гэтага ён прысвіснуў, наліў шклянку і, здавалася, думаў аб тым, што трапіў на самае сапраўднае свята.
— Уольр! — сказаў ён, прыгладзіўшы валасы (яны былі рэдкія) сваім кручком, а пасля, паказаўшы ім на інструментальнага майстра: — Глядзіце на яго! Любіце! Паважайце! І будзьце паслухмянымі! Перагартайце свой катэхізіс, пакуль не знойдзеце гэтага месца, а калі знойдзеце, загніце старонку. За вашы поспехі, мой хлопчык!
Ён быў да такой ступені задаволены сваёй цытатай, што мімаволі паўтарыў гэтыя словы ўпоўголаса і дадаў, што не ўспамінаў аб іх вось ужо сорак год.
— Але ні разу яшчэ не здаралася ў маім жыцці так, каб два-тры патрэбныя словы, Джылс, не падвярнуліся мне пад руку, — заўважыў ён. — Гэта таму, што я не трачу лішніх слоў, як іншыя.
Ён змоўк і не парушаў маўчання, пакуль стары Соль не пайшоў у краму запаліць агонь, пасля чаго ён звярнуўся да Уолтера без усякіх папярэдніх заўваг:
— Думаю, ён мог-бы зрабіць насценны гадзіннік, калі-б узяўся?
- ↑ Штурман — афіцэр ваеннага або гандлёвага флота, які кіруе ходам карабля і робіць вылічэнні для вызначэння яго курса.
- ↑ Каперскае судно — прыватнаўласніцкае судно, якое ўдзельнічае ў марской вайне і прыстасавана для захопу непрыяцельскіх гандлёвых суднаў. Скарыстанне каперскіх суднаў у часе вайны было забаронена толькі ў канцы мінулага стагоддзя.