Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я гэтаму не здзівіўся-б, капітан Катль, — адказаў хлопчык.

— І ён-бы ішоў! — сказаў капітан Катль, вычэрчваючы ў паветры сваім кручком нешта накшталт змяі. — Ах, божа мой, як ішоў-бы гэты гадзіннік!

Секунду-другую ён быў, здавалася, зусім захоплены нагляданнем за ходам гэтага ідэальнага гадзінніка і сядзеў, пазіраючы на хлопчыка, нібы твар у яго быў цыферблатам.

— Але ён напоўнены навукамі, — заўважыў ён, паказваючы кручком на запас тавараў. — Паглядзіце сюды! Тут цэлая калекцыя для зямлі, паветра, вады. Усё тут ёсць. Толькі скажыце, куды вы збіраецеся? На паветраным шары? Калі ласка. У вадалазным колакале? Калі ласка. Ці не хочаце вы пакласці на вясы Палярную зорку і ўзважыць яе? Ён гэта для вас зробіць.

На падставе такіх заўваг можна заключыць, што пашана капітана Катля да запасу інструментаў была вялікая і што яго разуменне не адчувала або амаль не адчувала розніцы паміж гандлем імі і іх вынаходствам.

— Ах! — сказаў ён уздыхнуўшы. — Цудоўная гэта штука мець паняцце аб іх! А між іншым, цудоўная штука і нічога ў іх не разумець. Кажучы праўду, я не ведаю, што лепш. Так прыемна сядзець тут і адчуваць, што цябе могуць узважыць, змераць, паказаць у павелічальным шкле, электрызаваць, палярызаваць, чорт ведае што з табой зрабіць, а якім чынам — табе невядома.

— Паслухайце! — уваходзячы, усклікнуў прадмет яго зачаравання. — Перш чым вы атрымаеце сваю шклянку грога, Нэд, мы павінны пакончыць з гэтай бутэлькай.

— Трымайся мацней! — сказаў Нэд, напаўняючы сваю шклянку. Налейце яшчэ хлопчыку.

— Больш не трэба, дзякую вам, дзядзя!

— Не, не, — сказаў Соль, — яшчэ крышку. Мы дап’ëм, Нэд, гэтую бутэльку ў гонар фірмы — фірмы Уолтэра. Што-ж, магчыма, калі-небудзь ён будзе гаспадаром фірмы, адным з гаспадароў. Хто ведае! Рычард Уітынгтон жаніўся на дачцэ свайго гаспадара. І хоць у містэра Домбі няма дачкі… — пачаў Соль.

— Не, ёсць, дзядзя, — сказаў хлопчык, чырванеючы і смеючыся.

— Ёсць? — усклікнуў стары. — Так, здаецца, і на самай справе ёсць.

— Я ведаю, што ёсць, — сказаў хлопчык. — Аб гэтым гаварылі сёння ў канторы. І ці ведаеце, дзядзя і капітан Катль, — сцішыў ён голас, — кажуць, што ён зненавідзеў яе і яна жыве без догляду сярод слуг, а ён так захоплены думкамі аб сваім сыну, як кампаньëне фірмы, што хоць сын яшчэ малюсенькі, ëн хоча, каб баланс зводзілі часцей, чым раней, і кнігі вялі больш акуратней, як гэта рабілася раней; бачылі нават — калі ён думаў, што ніхто яго не бачыць, — як ён прагульваўся ў Доках і пазіраў на свае караблі, склады і ўсё іншае, нібы радуючыся таму,

37