Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/385

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

правесці рэшту дзён у цемры і быць навекі адарваным ад сяброў і сям'і, прымусіла яго змагацца з вялікай энергіяй і заглушана енчыць. Калі яго вызвалілі, твар у яго быў вельмі разгарачаны, чырвоны і мокры; і міс Токс пасадзіла яго, зусім змардаванага, да сябе на калені.

— Мне здаецца, вы мяне амаль не памятаеце, сэр! — сказала міс Токс містэру Тудлю.

— Памятаю, пані, памятаю, — адказаў Тудль. — Але з таго часу, мы ўсе крыху пастарэлі.

— А як вы сябе адчуваеце, сэр? — ціхмана запыталася міс Токс.

— Вельмі добра, пані, дзякую вам, — адказаў Тудль. — Як вы сябе адчуваеце, пані? Рэўматызм вам яшчэ не вельмі дакучае, пані? Усім нам даводзіцца прывыкаць да яго з гадамі.

— Дзякую вам, — сказала міс Токс. — Мяне гэта хвароба яшчэ не наведвала.

— Вам вельмі пашчаслівілася, пані, — адказаў містэр Тудль. — У вашы гады многіх ён люта мучыць. Вось мая маці…

Але, злавіўшы позірк жонкі, містэр Тудль разумна пахаваў канец фразы ў новым кубку чаю.

— Місіс Рычардс, — усклікнула міс Токс, пазіраючы на Роба, — ды няўжо гэта ваш…

— Мой старэйшы, пані, — сказала Полі. — Так, гэта ён, той самы хлапчук, пані, які быў нявіннай прычынай такіх падзей.

— Гэта ён, — пані сказаў Тудль, — той самы, з кароткімі нагамі… а яны былі на дзіва кароткія для скураных штонікаў, — сказаў містэр Тудль з ноткай лятуцення ў голасе, — калі містэр Домбі зрабіў з яго Тачыльшчыка.

Гэты напамінак ледзь не зламаў сілы міс Токс. Ён меў непасрэдныя дачыненні да прадмета, які яе цікавіў. Яна прапанавала Робу паціснуць ёй руку і расхваліла яго матцы адкрыты, сумленны твар сына. Роб, падслухаўшы гэтыя словы, пастараўся выклікаць на сваёй фізіяноміі выраз, які апраўдваў пахвальбу, але бадай ці ўдалося яму гэта.

— А цяпер, місіс Рычардс, — сказала міс Токс, — а таксама вы, сэр, — звярнулася яна да Тудля, — я вам скажу проста і адкрыта, чаму я сюды прышла. Магчыма, вам вядома, місіс Рычардс, — і, магчыма, вядома таксама і вам, сэр, — што некаторая халоднасць мела месца паміж мною і сім-тым з маіх сяброў і што там, дзе я мела звычай бываць часта, цяпер я не бываю.

Полі, якая з жаночым тактам зразумела адразу, выказала гэта адным позіркам. Містэр Тудль, які абсалютна не разумеў, аб чым гаворыць міс Токс, таксама выказаў гэта неўразуменным позіркам.

— Вядома, — прадаўжала міс Токс, — пытанне аб тым, як узнікла гэта маленькае разыходжанне, не мае ніякага значэння, і абгаварваць яго няварта. Дастаткова будзе, калі я скажу, што

381