— Ці не хочаце паследаваць майму прыкладу, Байлер, мой хлопчык? — запытаўся бацька, з вялікай стараннасцю беручыся зноў за свой чай.
— Не, дзякую, бацька. Я піў ужо чай разам з гаспадаром.
— Ну, а як ён маецца, Роб? — запыталася Полі.
— Дапраўды, не ведаю, матуля. Пахваліцца няма чым. Вы разумееце, гандаль ніяк не ідзе. Ён, капітан, нічога ў гэтай справе не разумее. Якраз сёння зайшоў у краму нейкі чалавек і кажа: «Мне, — кажа, — патрэбна такая та рэч», і сказаў нейкае дзіўнае слова. «Што?» пытаецца капітан. «Такая та рэч», кажа чалавек. «Браток, — кажа капітан, — ці не хочаце добра агледзець краму?» — «Ды я-ж, — кажа чалавек, — ужо так і зрабіў». — «Вы бачыце тое, што вам патрэбна?» пытаецца капітан. «Не, не бачу», кажа чалавек. «А вы гэту рэч пазнаеце, калі яе ўбачыце?» пытаецца капітан. «Не, не пазнаю», кажа чалавек. «Ну, дык вось што я вам скажу, прыяцель, — кажа капітан; — вы-б лепш пайшлі назад і запыталіся, які ў яе выгляд, таму што і я яе не пазнаю!».
— Дык так-жа грошай не нажывеш, праўда? — сказала Полі.
— Грошай, матуля? Ніколі не нажыць яму грошай! Такога нораву, як у яго, я ні ў каго не бачыў! Але ўсё-такі я павінен сказаць, што ён нядрэнны гаспадар. Аднак, для мяне гэта няважна, бо я не збіраюся аставацца ў яго надоўга.
— Не збіраецеся астацца на гэтым месцы, Роб! — усклікнула маці, а містэр Тудль шырока расплюшчыў вочы.
— На гэтым месцы, бадай, не збіраюся, — падміргнуўшы, адказаў Тачыльшчык. — Я не здзівіўся-б… разумееце, сувязі… але цяпер вы ніякай увагі на гэта не звяртайце, матуля, са мною ўсё добра, і канец справе.
Гэтыя намёкі і таямнічы выгляд Тачыльшчыка, што паслужыў бясспрэчным доказам таго, што ён не вінават у граху, які прыпісаў яму містэр Тудль, маглі-б нарабіць яму новыя крыўды, калі-б не з'явілася вельмі дарэчы яшчэ адна госця, якая, паказаўшыся ў дзвярах, на вялікае здзіўленне Полі, спачувальна і прыязна ўсміхнулася ўсім прысутным.
— Як маецеся, місіс Рычардс? — запыталася міс Токс. — Я прышла вас праведаць. Можна зайсці?
Вясёлы твар місіс Рычардс асвяціўся гасціннай усмешкай, і міс Токс, садзячыся на прапанаванае ёй крэсла і ідучы да яго грацыёзна кіўнуўшы містэру Тудлю, развязала істужкі капялюшыка і сказала, што перш за ўсё ёй хацелася-б, каб мілыя дзеткі, усе да аднаго, падышлі і пацалавалі яе.
Злашчасны прадапошні Тудль, які нарадзіўся, калі меркаваць па колькасці яго ліхіх прыгод у хатнім кругу, пад нешчаслівай планетай не мог удзельнічаць у гэтых усеагульных прывітаннях, бо нацягнуў сабе на галаву зюйдвестку, (з якой перад гэтым гуляў) задам наперад і не мог яе зняць, і гэта акалічнасць, якая абяцала напалоханаму яго ўяўленню страшную перспектыву