Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/386

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вельмі паважаю і цікаўлюся містэрам Домбі, — голас міс Токс задрыжэў, — і ўсім, што яго датычыць.

Містэр Тудль, сёе-тое зразумеўшы, паківаў галавой і сказаў, быццам ён чуў ад людзей і сам лічыць, што з містэрам Домбі цяжка мець справу.

— Прашу вас, будзьце ласкавы, не гаварыце гэтага, сэр, — запярэчыла міс Токс. — Упрашаю вас, не гаварыце гэтага, сэр! Ні цяпер, ні калі-б там ні было! Падобныя заўвагі надзвычай цяжка адбіваюцца на мне і зусім не могуць быць прыемнымі джэнтльмену з такім розумам, які я з упэўненасцю прыпісваю вам.

Містэр Тудль, які ніколькі не сумняваўся ў тым, што сказаная ім фраза будзе ўхвалена, вельмі збянтэжыўся.

— Я толькі хачу сказаць, місіс Рычардс, — прадаўжала міс Токс, — я звяртаюся таксама і да вас, сэр, — хачу сказаць, што любыя весткі аб спосабе жыцця гэтай сям'і, аб добрабыце сям'і, аб здароўі сям'і, якія дойдуць да вас, будуць мне заўсёды ў вышэйшай ступені прыемны. Я заўсёды рада буду паразмаўляць з місіс Рычардс аб гэтай сям'і і аб ранейшых часінах. А з тае прычыны, што ў мяне з місіс Рычардс ніколі не было ніякіх нават самых малых непаразуменняў (хоць мне цяпер шкада, што мы з ёю не пазнаёміліся бліжэй, але ў гэтым вінавата я адна), я спадзяюся, яна згодзіцца, каб надалей мы былі найлепшымі сябрамі і каб я прыходзіла сюды і адыходзіла, калі мне захочацца, як свой чалавек. Дапраўды-ж, я спадзяюся, місіс Рычардс, — з вялікай сур'ёзнасцю сказала міс Токс, — што вы зразумееце гэта так, як мне-б хацелася, таму што вы заўсёды былі вельмі добрым стварэннем.

Полі пахвальба спадабалася і яна не захоўвала гэтага. Містэр Тудль не ведаў, успадобу яму гэта ці не, і захоўваў бестурботны спакой.

— Вы разумееце, місіс Рычардс, — сказала міс Токс, — спадзяюся, і вы разумееце, сэр, — што я магу быць вам карыснай у тысячы дробязей, калі вы не будзеце мяне цурацца, і гэта мне дасць найвялікшае здавальненне. Так, напрыклад, я магу навучаць чаму-небудзь вашых дзяцей. Калі вы дазволіце, я прынясу некалькі кніг і рукадзелле, — іншы раз, па вечарах, яны могуць вучыцца… ах, божа мой, я ўпэўнена, што яны шмат чаму навучацца і зробяць гонар сваёй настаўніцы.

Містэр Тудль, які надта паважаў навуку, ухвальна кіўнуў жонцы і, смакуючы ў будучым поўнае здавальненне, пацёр сабе рукі.

— Тады, не будучы чужым чалавекам, я нікому не буду перашкаджаць, — сказала міс Токс, — і ўсё будзе ісці так, як быццам мяне тут няма. Місіс Рычардс будзе займацца папраўкай, гладзіць або няньчыцца з дзецьмі, што-б там ні спатрэбілася, не звяртаючы

382