лішніх кавалачкаў, як ласунку. Гэтыя кавалачкі ён увесь час раздаваў сабраўшымся ў кружок юным Тудлям, працягваючы вялізную лусту хлеба з маслам, ад якой павінны былі адкусваць па чарзе ўсе члены сям'і, і такім-жа чынам частуючы іх маленькімі порцыямі чаю з лыжкі. Гэта лёгкая закуска паказалася юным Тудлям такой смачнай, што яны з захапленнем пачалі танцаваць, круціліся на адной ножцы і выяўлялі сваю радасць рознастайнымі скокамі.
Містэр Тудль, будучы ў цэнтры сям'і і — што датычыцца апетыту — даючы сваім дзецям ўстрашальны прыклад, трымаў на каленях двух юных Тудляў, вёз іх кур'ерскім поездам у Бермінгем і думаў аб прыпынку ля шлагбаума з хлеба з маслам, калі з'явіўся Роб Тачыльшчык у сваёй зюйдвестцы і траурных штанах і быў атакаваны братамі і сёстрамі.
— Як маецеся, матуля? — запытаўся Роб, пачціва цалуючы яе.
— Вось і мой хлопчык! — усклікнула Полі, абдымаючы яго і хлопаючы па спіне. — Утойвае! Бог з вамі, ужо ён та нічога не ўтойвае!
Гэта было сказана ў павучанне містэру Тудлю, але Роб Тачыльшчык, які не быў не адчувальны да ганьбы, адразу-ж падхапіў гэтыя словы.
— Як! Значыцца бацька зноў за нешта мяне лаяў! — усклікнуў нявінна зняважаны. — Ох, цяжка даводзіцца хлапцу, калі ён калісьці збіўся з дарогі, а родны бацька заўсёды яго дакарае за яго спіной! Дапраўды-ж, — прадаўжаў Роб, у роспачы хапаючыся за абшлаг сваёй курткі, — гэтага дастаткова, каб хлапец пайшоў і адпаліў якую-небудзь штуковіну са злосці!
— Бедны мой хлопчык! — закрычала Полі. — Бацька нічога такога не думаў.
— Калі бацька нічога такога не думаў, — захныкаў зняважаны Тачыльшчык, — дык навошта-ж ён штосьці гаварыў, матуля? Нікому я не здаваўся такім дрэнным, як майму роднаму бацьку. На што гэта падобна! Хацеў-бы я, каб хто-небудзь узяў дый адсёк мне галаву. Я думаю, бацька не супраць гэта зрабіць, і ўжо няхай лепш гэта зробіць ён, чым хто-небудзь іншы.
Пачуўшы такія роспачлівыя словы, усе юныя Тудлі завішчэлі, што выклікала патэтычны эфект, а Тачыльшчык яму садзейнічаў іранічна ўпрашаючы іх не аплакваць яго, бо яны павінны ненавідзець яго — павінны, калі яны добрыя хлопчыкі і дзяўчынкі! І гэта зрабіла такі ўплыў на прадапошняга Тудля, якога няцяжка было расчуліць, — зрабіла ўплыў не толькі на яго чуллівасць, але і на органы дыхання, — што ён пачырванеў, і містэр Тудль у жаху пацягнуў яго да бочкі з вадой і паднёс-бы яго пад кран, калі-б ён не ачуняў убачыўшы гэты інструмент. Пры такім становішчы спраў містэр Тудль папрасіў прабачэння, і, калі добрадзейныя пачуцці яго сына былі задаволены, яны паціснулі адзін другому рукі, і зноў запанаваў мір.