Як-бы там ні было, аднойчы вечарам міс Токс накіравала свае крокі да жылля Тудляў у той час, калі містэр Тудль, чорны і пакрыты попелам, падмацоўваўся чаем у кругу сям'і.
— Полі, мая жоначка пачаў містэр Тудль, трымаючы на кожным калене па юнаму Тудлю, у той час калі другія двое гатавалі яму чай і яшчэ цэлая куча забаўлялася вакол (у містэра Тудля ніколі не было недахопаў у дзецях, і заўсёды пад рукою ён меў іх вялікі запас), — вы даўно не бачылі нашага Байлера?
— Даўно, — адказала Полі, — але ён прыдзе сёння. Гэта яго вольны вечар, ён ніколі не прапускае.
— Мне здаецца, — сказаў містэр Тудль, п'ючы свой чай, — цяпер наш Байлер трымаецца, наколькі гэта магчыма для хлопчыка. Праўда Полі?
— О, ён трымаецца надзвычайна! — адгукнулася Полі.
— Ён нічога не надумаўся ўтойваць, праўда, Полі? — запытаўся містэр Тудль.
— Нічога! — рашуча сказала Полі.
— Я рад, што ён нічога не надумаўся утойваць, Полі, — заўважыў містэр Тудль задуменна і не спяшаючыся, складным нажом запіхаючы ў рот хлеб з маслам, нібы вугаль ў топку, — таму што не варта гэта рабіць. Праўда, Полі?
— Вядома, не варта. Ёсць аб чым пытацца!
— Слухайце, мае хлопчыкі і дзяўчынкі, — сказаў містэр Тудль, аглядаючы сваю сям'ю, — калі вы робіце якую-небудзь сумленную справу, лепш за ўсё, на маю думку, рабіць яе адкрыта. Калі здарыцца вам трапіць у цясніну або тунель, ніякімі гульнямі ўпотайку не забаўляйцеся. Давайце свісткі, і няхай усе ведаюць, дзе вы знаходзіцёся.
Падрастаючыя Тудлі прарэзліва закрычалі, выказваючы намер скарыстаць бацькаўскую параду.
— Але чаму вам прышло ў галаву гаварыць пра Роба? — у непакоі запыталася жонка.
— Полі, старэнькая, — адказаў містэр Тудль, — дапраўды-ж, я не ведаю ці гаварыў я гэта пра Роба. Я накіроўваюся ў дарогу з адным Робам, дабіраюся да раз'езда, падхватваю тое, што там знаходжу, і цэлая чарада думак прычапляецца да яго, перш чым я паспею здагадацца, дзе я або адкуль яны ўзяліся. Дапраўды-ж, думкі чалавека — сапраўдны чыгуначны вузел! — сказаў містэр Тудль.
Гэта глыбокадумнае меркаванне містэр Тудль запіў кубкам чаю, у якім змяшчалася пінта, і пачаў падмацоўвацца вялізнымі порцыямі хлеба з маслам, загадваючы ў той-жа час сваім юным дочкам наліць больш кіпятку ў кацялок, бо ў яго зусім перасохла ў горле і давядзецца яму выпіць вялікае мноства кубкаў, перш чым ён заспакоіць смагу.
Здавальняючы сябе, містэр Тудль не забываўся і аб юных парастках, якія акружалі яго і ўжо павячэралі, але ўсё-такі чакалі