Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/381

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў святы, — ахапіў смутак і яна вельмі пакутвала ад меланхоліі. На працягу некаторага часу на пляцы Прынцэсы не чуваць было Птушынага вальса, кветкі аставаліся без догляду, і пыл збіраўся на мініятурным партрэце продка міс Токс з напудранай галавой і касічкай.

Аднак, міс Токс і па ўзросту яе і па характару не ўласціва было доўга дарэмна шкадаваць. Толькі два клавішы на клавікордах анямелі ад доўгага маўчання, калі ў гасцінай зноў пачулася шчабятанне і трэль Птушынага вальса; толькі адна галінка герані пала афярай дрэннага догляду, перш чым міс Токс зноў пачала акуратна кожную раніцу займацца сваімі кветкамі ў зялёных кошычках; продак з напудранай галавой аставаўся пад пластом пылу не больш шасці тыдняў, пасля чаго міс Токс падыхала на яго добрадушны твар і працерла яго кавалкам замшы.

Тым не менш, міс Токс адчувала сябе адзінокай і збянтэжанай. Яе адданасць, як-бы смешна яна не праяўлялася, была шчырай і глыбокай; і міс Токс, як яна сама казала, была «вельмі ўражана незаслужанай знявагай, нанесенай Луізай». Але натуры міс Токс пачуццё гневу было неўласціва. Калі яна праходзіла жыццёвы шлях, гаворачы салодкія словы і не маючы ўласнай думкі, то да гэтага часу яна прынамсі не спазнала жорсткіх парыванняў. Аднойчы на вуліцы, убачыўшы толькі Луізу Чык, якая паказалася на значнай адлегласці, кволы яе арганізм перажыў такое патрасенне, што ёй давялося зараз-жа шукаць прытулку ў кафейні, і там, у смуродным маленькім заднім пакоі, дзе звычайна елі суп і дзе патыхала бычынымі хвастамі, яна аблягчыла сваю душу горкімі слязмі.

На містэра Домбі, як думала міс Токс, у яе бадай ці былі якія-небудзь падставы наракаць. Яе ўяўленне аб надзвычайнасці гэтага джэнтльмена было такое, што цяпер, калі яе аддалілі ад яго, яна адчувала, нібы адлегласць паміж імі заўсёды была бясконца вялікай і нібы ён рабіў вялікую ласку, церпячы яе прысутнасць. Па шчыраму пераконанню міс Токс, ніякая жонка не магла быць надта прыгожай або надта велічнай для яго. Здавалася натуральным, што, маючы намер жаніцца, ён шукаў сабе жонку ў вышэйшых колах. Міс Токс са слязмі прышла да такога заключэння і па дваццаць разоў на дзень прызнавала яго справядлівасць.

Але, адвергнутая няўмольнай Луізай і ўнікаючы маёра (якому яна цяпер не вельмі што давярала), міс Токс пачала сумаваць, не ведаючы абсалютна нічога аб тым, што адбывалася ў доме містэра Домбі. А з тае прычыны, што яна ўсур'ёз прывыкла лічыць Домбі і Сына той воссю, вокол якой круціўся ўвесь свет, то і вырашыла, для атрымання вестак, якія так моцна яе цікавілі, аднавіць старое знаёмства з місіс Рычардс, ведаючы, што тая, з часу свайго апошняга памятнага з'яўлення перад асобай містэра Домбі, падтрымлівала зносіны з яго слугамі.

377