я ваша маці і магу яе сапсаваць! І вы яшчэ дакараеце мяне ў тым, што я сама вінавата!
— Матуля! Я вас ні ў чым не дакараю. Чаму вы заўсёды гаворыце пра гэта?
— Хіба не натуральна, што я пра гэтае спамінаю, калі я — увасобленая любоў і адчувальнасць, а кожны ваш позірк жорстка мяне раніць?
— Я не хачу вас раніць, матуля. Хіба вы забыліся, аб чым мы з вамі гаварылі? Пакінем мінулае ў спакоі.
— У спакоі! І ўдзячнасць да мяне пакінем у спакоі, і любоў да мяне пакінем у спакоі, і мяне пакінем у спакоі, пакуль я ляжу адна ў пакоі, пазбаўленая грамады і догляду, у той час як вы знаходзіце новых сваякоў, якіх даглядаеце, хоць яны зусім ніякіх правоў на вас не маюць! Ах, божа мой, Эдзіт, ці вядома вам, у якім надзвычайным доме вы — гаспадыня?
— Вядома. Ціха!
А гэты благародны чалавек, Домбі… ці ведаеце вы, што ён — ваш муж, Эдзіт, і што ў вас ёсць маёмасць, становішча, карэта і ці мала яшчэ чаго?
— Вядома, я гэта ведаю, матуля. Вельмі добра ведаю.
— А вы-б мелі ўсё гэта з добрым хлапцом… як яго звалі?.. з Грэйнджэрам, калі-б ён не памёр? Каму вы павінны дзякаваць за ўсё, Эдзіт?
— Вам, матуля, вам.
— У такім выпадку абдыміце мяне і пацалуйце. І давядзіце мне, Эдзіт, што вы добра ведаеце: не было на свеце лепшай маці, чым я. І паклапаціцеся аб тым, каб я, пакутваючы і мучаючыся з-за вашай няўдзячнасці, не ператварылася ў сапраўдную пачвару, інакш мяне ніхто не пазнае, калі я зноў з'яўлюся ў грамадстве, — не пазнае нават гэта ненавісная жывёліна, маёр!
Але іншы раз, калі Эдзіт падыходзіла да яе і, нахіліўшы сваю ганарлівую галаву, прыціскалася халоднай шчакой да яе шчакі, маці адкідалася назад, нібы баялася яе, і пачынала дрыжаць у прыпадку і крычаць, што ў яе думкі блытаюцца. А іншы раз яна спакойна прасіла яе пасядзець на крэсле, на ложку і пазірала на яе (калі тая сядзела ў глыбокай задуменнасці), і нават ружовыя фіранкі не маглі змяніць бяссэнснага і страшнага твара.
РАЗДЗЕЛ XXXVIII
Міс Токс аднаўляе старое знаёмства.
Засмучоную міс Токс, пакінутую сваім сябрам Луізай Чык і пазбаўленую шчасця пазіраць у твар містэру Домбі, — бо дзве прыгожыя вясельныя карткі, злучаныя срэбнай ніткай, не ўпрыгожвалі ні люстра над камінам на пляцы Прынцэсы, ні клавікорд, ні тых палічак з бяздзеліцамі, якімі Лукрэцыя займалася