Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/379

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

«Ружовыя фіранкі».

З тае прычыны, што пакаёўка была зусім збянтэжана — і не без падстаў, — Клеапатра прыпісала яшчэ два словы, і цяпер на паперы было:

«Ружовыя фіранкі для дактароў».

Цяпер пакаёўка пачала смутна здагадвацца, што фіранкі ёй патрэбны для таго, каб у прысутнасці дактароў колер твара ў яе быў лепшы; а з прычыны таго, што тыя з дамачадцаў, хто добра яе ведаў, не сумняваліся ў правільнасці гэтага заключэння, якое яна неўзабаве і сама магла пацвердзіць, да яе ложка былі прывешаны ружовыя фіранкі, і з гэтай гадзіны яна пачала папраўляцца з надзвычайнай хуткасцю. Неўзабаве яна магла ўжо сядзець у завітках, карункавым чапцы і капоце і ўпрыгожыць глыбокія ўпадзіны на шчоках лёгкім штучным румянцам.

— Дзе місіс Домбі? — пыталася яна ў сваёй пакаёўкі.

— Яе няма дома, пані.

— Няма дома! Яна выходзіць з дому, каб шмыгануць ад сваёй мамы, Флауэрс?

— Бог з вамі, пані! Місіс Домбі паехала з міс Фларэнс пракатацца.

— Міс Фларэнс! Хто такая міс Фларэнс? Не гаварыце мне пра міс Фларэнс. Што для яе міс Фларэнс у параўнанні са мной?

У час вынятыя брыльянты, аксамітны персікавага колеру капялюшык (бо для прыёму наведвальнікаў яна надзявала капялюшык, хоць выязджаць з дому пачала толькі праз некалькі тыадняў) або якія-небудзь святочныя анучы звычайна спынялі паток слёз, ужо гатовых хлынуць, і яна была ў добрадушчым настроі аж да прыходу Эдзіт; а тады, зірнуўшы на горды твар, яе зноў ахапляў смутак.

— Ну, ведаеце, Эдзіт! — усклікала яна, трасучы галавой.

— Што здарылася, матуля?

— Што здарылася! Дапраўды, я не ведаю, што здарылася. Свет робіцца такім штучным і няўдзячным, што мне пачынае здавацца, нібы зусім няма на свеце Сэрца або чаго-небудзь падобнага да гэтага. Хутчэй Уітэрс роднае маё дзіця, чым вы! Ён даглядае мяне значна больш, чым дачка. Дапраўды-ж, мне хочацца, каб я не была такой маладжавай. Магчыма, мне аказвалі-б тады больш пашаны.

— Чаго-б вы хацелі, мама?

— О, шмат чаго, Эдзіт! — Яна адказвала надзвычай нецярпліва.

— Хіба ў вас няма таго, чаго-б вам хацелася? Вы самі вінаваты, калі гэта так.

— Сама вінавата! — Яна пачала хныкаць. — Якой маткай я была для вас, Эдзіт! Я не расставалася з вамі з самай вашай калыскі! А вы не толькі пагарджаеце мяне і прывязанасць ваша да мяне не большая, чым да чужога чалавека, — вы не ўдзяляеце мне і дваццатай долі той любві, якую маеце да Фларэнс! Калі ласка,

375