Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/378

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ад душы) амаль давяла да жабрацтва мадыстак і іншых асоб. Таму місіс Ск'ютон не задавала ніякіх пытанняў і не праяўляла ні малейшай цікавасці. Па праўдзе сказаць, аксамітны персікавага колеру капялюшык у дастатковай меры займаў яе ўвагу па-за домам, бо дзень быў ветраны, а капялюшык, пасаджаны на патыліцу, рабіў шалёныя намаганні, каб шмыгануць ад місіс Ск'ютон, і, не гледзячы на ўпрашанні, не згаджаўся ні на якія ўступкі. Калі дзверцы карэты зачыніліся і доступ ветру быў перагароджан, паралічнае дрыжэнне зноў пачало забаўляцца са штучнымі ружамі, нібы гулялі ў багадзельні састарэлыя зефіры, і наогул у місіс Ск'ютон досыць было клопатаў і спраўлялася яна з імі няважна.

Пад вечар ёй не стала лепш, бо, калі місіс Домбі апранулася і поўгадзіны чакала яе ў сваім пакоі, а містэр Домбі, прагульваючыся па гасцінай, апынуўся ў стане ганарыстага раздражненяя (яны ўтраіх павінны былі ехаць на запрошаны абед) Флауэрс, пакаёўка, з'явілася з бледным тварам перад місіс Домбі і сказала:

— Пані, прашу прабачэння, але я нічога не магу зрабіць з місіс!

— Што гэта азначае? — запыталася Эдзіт.

— Пані, — адказала спалоханая пакаёўка, — я нічога не разумею. У яе твар як быццам скрывіўся.

Эдзіт разам з ёю пабегла ў пакой маці. Клеапатра была ў поўным убёры — брыльянты, кароткія рукавы, румяны, завіткі, зубы і іншыя дзявоцкія чароўнасці былі ў наяўнасці, але параліч нельга было ўвесці ў заблуджэнне, — ён пазнаў у ёй тую, за кім быў пасланы, і паразіў яе перад люстрам, дзе яна і ляжала, як агідная лялька, скінутая на падлогу.

Без сораму яе разабралі на часткі, і тое нямногае, што было ў ёй сапраўдным, паклалі ў пасцель. Паслалі па дактароў, і тыя хутка з'явіліся. Ужылі моцна дзеючыя сродкі, вынеслі прыгавор, што ад гэтага ўдару яна паправіцца, але другога не перажыве; і на працягу многіх дзён яна ляжала нямая, пазіраючы ў столь, часамі нечленараздзельна мармытала ў адказ на пытанні, ці пазнае яна тых, хто тут знаходзіцца; часамі не давала адказу ні знакам, ні жэстам, ні выразам немігаючых вачэй.

Нарэшце, яна пачала патроху ачуньваць і ў нейкай ступені набыла здольнасць варушыцца, але гаварыць яшчэ не магла. Аднойчы яна адчула, што зноў уладае правай рукой, і, паказаўшы на гэта пакаёўцы, якая яе даглядала, і выяўляючы вялікае хваляванне, яна рабіла знакі, каб ёй далі аловак і паперу. Пакаёўка адразу-ж гэта падала, думаючы, што яна хоча напісаць завяшчанне або выказаць апошняе сваё жаданне; місіс Домбі не было дома, і пакаёўка з пачцівасцю чакала вынікаў.

Пасля цяжкіх намаганняў, якія выявіліся ў пісанні, сціранні, напісанні няўмесных літар, якія, здавалася, зрываліся самі з алоўка, старая працягнула такі дакумент:

374