Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яна ўсё яшчэ не спускала з яго вачэй; але якім-бы ні быў рашучым яе позірк, ноздры яе раздзімаліся, дыханне зрабілася глыбейшым і губы злёгку скрывіліся, калі ён абрысоўваў тыя якасці свайго апекуна, перад якім, як ён казаў, яны ўсе павінны схіліцца. Ён гэта бачыў, і хоць выраз яго твара не змяніўся, яна ведала, што ён гэта бачыў.

— Нават такое нязначнае разыходжанне, якое адбылося ўчора ўвечары, — сказаў ён, — калі мне будзе дазволена вярнуцца да яго, растлумачыць сэнс маіх слоў лепш, чым разыходжанне больш сур'ёзнае. Домбі і Сын не прызнаюць ні часу, ні месца, ні пары года, але падначальваюць іх сабе. Але я радуюся гэтай падзеі, бо яна дае мне магчымасць закрануць сёння з місіс Домбі гэту тэму, нават калі я часова наклічу на сябе яе нездавальненне. Пані, у самы разгар майго неспакою і апасак з гэтай прычыны я быў выкліканы містэрам Домбі ў Лімінгтон. Там я ўбачыў вас. Там я не мог не зразумець, якое становішча вы зоймеце ў бліжэйшы час — становішча, якое абяцае шчасце на доўгі час як яму, так і вам. Там я вырашыў чакаць, пакуль вы перабярэцеся да сябе, у свой дом, а пасля дзейнічаць так, як дзейнічаю я цяпер. У глыбіні душы я не баюся здрадзіць свайму абавязку ў адносінах да містэра Домбі, калі даверу вашаму сэрцу тое, што мне вядома, бо калі ў дваіх адно сэрца і адна душа, як у гэтым саюзе, то адзін з двух можа замяніць сабою другога. Такім чынам, ці даверу я такое пытанне вам ці яму, сумленне маё будзе амаль што аднолькава спакойна. Па прычынах, мною спамянутых, я хацеў-бы выбраць вас. Ці магу я спадзявацца на такі гонар, што давяральнае маё паведамленне прынята і што я вольны ад усякай адказнасці?

Ён доўга памятаў той позірк, які яна кінула на яго — хто мог-бы бачыць яго і не запамятаць? — і барацьбу яе душы. Нарэшце, яна сказала:

— Я прымаю гэта, сэр. Лічыце пытанне вычарпаным, і няхай з гэтым будзе скончана.

Ён нізка пакланіўся і ўстаў. Яна таксама ўстала, і ён з найвялікшай пакорлівасцю развітаўся з ёю. Але Уітэрс, сустрэўшы яго на лесвіцы, спыніўся, здзіўлены надзвычайнымі яго зубамі і асляпляючай яго ўсмешкай, а калі ён ехаў на сваім беланогім кані, прахожыя лічылі яго дантыстам — так блішчэлі яго зубы. І прахожыя лічылі яе, калі яна неўзабаве накіравалася на прагулку ў сваім экіпажы, знатнай лэдзі, не менш шчаслівай, чым багатай і прыгожай. Але яны яе не бачылі, калі некалькі хвілін назад яна была адна ў сваім пакоі, і не чулі, як яна сказала тры словы: «О, Фларэнс, Фларэнс!»

Місіс Ск'ютон, спачываючы на софе і маленькімі глыточкамі п'ючы шакалад, не чула нічога, апрача праказанага шэптам слова «справы», да якога яна ставілася з вялікай агідай, так што даўно ўжо выкінула яго са свайго слоўніка і ў выніку самым чароўным чынам і ад усяго сэрца (не будзем казаць —

373