Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/376

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ён таго заслугоўвае, — я павінен шанаваць, павінен паважаць яе і скарацца перад ёю. Але што датычыць фактаў, — а дзеля іх та я і адважыўся дамагацца вашай увагі, — то ў мяне не можа быць ніякіх сумненняў, бо, выконваючы свой абавязак у якасці даверанага містэра Домбі — маю права сказаць, як яго сябра, — я безумоўна ўстанавіў іх. У выкананне гэтага абавязку, вельмі заклапочаны, як вы можаце гэта зразумець, усім, што мае да яго адносіны, узахвочаны, калі хочаце (бо баюся, што я ў вас у няласцы), больш нізкімі матывамі — жаданнем даказаць сваю стараннасць і заслужыць большую ласку, я доўга расследваў гэтыя факты і сам і з дапамогай асоб, якія заслугоўваюць давер'я, маю шматлікія і бясспрэчныя доказы.

Яна зірнула толькі на яго рот, але ў кожным зубе ўбачыла прыладу зла.

— Прабачце, пані, — прадаўжаў ён, — калі ў сваім замяшанні я адважваюся прасіць у вас парады і прыняць пад увагу ваша жаданне. Калі не памыляюся, я заўважыў, што вы вельмі цікавіцеся міс Фларэнс?

Ці было ў ёй хоць што-небудзь чаго-б ён не заўважыў і не ведаў? Зняважаная і ў той-жа час абураная гэтай думкай, яна прыкусіла дрыжачую губу, каб стрымацца, і холадна кіўнула галавой.

— Гэта цікавасць, пані, якая так чулліва даводзіць, што вам дорага ўсё, што датычыць містэра Домбі, прымушае мяне вагацца, перш чым я пазнаёмлю яго з гэтымі фактамі, якіх ён яшчэ не ведае. Калі дазволіце мне зрабіць прызнанне, мая вернасць яму настолькі пахіснулася, што вам дастаткова толькі зрабіць намёк аб сваім жаданні, каб я замоўкнуў аб іх.

Эдзіт шпарка падняла галаву і, адхіснуўшыся, накіравала на яго пануры позірк. Ён адказаў самай нясмелай і пачцівай усмешкай і прадаўжаў:

— Вы кажаце, што я падаю іх у скажоным выглядзе. Думаю, што не! Думаю, што не. Але скажам, што гэта так. Непакой, які я ў апошні час перажываю, выклікан наступным: нават тая акалічнасць, што міс Фларэнс з усёю нявіннасцю і даверлівасцю бывала ў падобным грамадстве, будзе мець рашаючае значэнне для містэра Домбі, ужо настроенага супроць яе, і прымусіць яго прыняць захады (ведаю, што ён ужо думаў аб гэтым) да таго, каб расстацца з ёю і выгнаць яе са свайго дома. Пані, будзьце да мяне ласкавы і ўспомніце, што я ледзь не з дзяцінства меў справу з містэрам Домбі, ведаў яго і паважаў, будзьце да мяне ласкавы, калі я гавару, што калі ёсць у яго які-небудзь недахоп, то гэты недахоп — ганарыстая ўпартасць, якая ўкаранілася ў той благароднай гордасці і ўсведамленні ўласнай улады, якія яму ўласцівы і перад якімі мы ўсе павінны скарацца. Упартасць непакорлівая, у адрозненне ад упартасці іншых людзей, і ўзрастаючая з дня на дзень і з года ў год!

372