да яе бацькі натуральна прымушае вас чула і рэўніва прыслухоўвацца да кожнага слова, якое мае да яго адносіны. — Яго гаворка заўсёды была ліслівай, але немагчыма апісаць тую ліслівасць, з якой ён праказаў гэтыя словы і гаварыў іншыя, падобныя да іх па сэнсу. — Але ці магу я, як чалавек, які таксама, хоць і па-іншаму адданы містэру Домбі і заўсёды зачароўваўся характарам містэра Домбі, ці магу я сказаць, не зневажаючы вашай далікатнасці, як жонкі, што на міс Фларэнс, на няшчасце, не звяртаў увагі… яе бацька? Ці магу я сказаць — яе бацька.
Эдзіт адказала:
— Мне гэта вядома.
— Вам гэта вядома, — паўтарыў містэр Каркер, як відаць, з глыбокай палёгкай. — Гэта здымае ў мяне цяжар з сэрца. Ці магу я спадзявацца, што вам вядома крыніца гэтай няўвагі, якая тлумачыцца гордасцю містэра Домбі, больш правільна — яго характарам?
— Вы можаце не спыняцца на гэтым, сэр, — заўважыла яна. — І хутчэй перайсці да таго, што вы маеце сказаць.
— Вядома, пані, я разумею, — адказаў містэр Каркер, — верце мне, я вельмі добра разумею, што містэру Домбі не патрэбны ў вашых вачах ніякія апраўданні. Але прашу вас меркаваць аб маім сэрцы па вашаму сэрцу, і вы мне прабачце маю цікавасць да яго, нават калі гэтая празмерная цікавасць часамі заводзіць мяне занадта далёка.
Якой пакутай для яе гордага сэрца было сядзець тут з ім, тварам у твар, калі ён зноў і зноў падаваў ёй фальшывую яе клятву перад алтаром і навязваў яе, нібы чашу з недапітым рвотным напіткам, а яна не магла прызнацца, што гэты напітак унушае ёй агіду, і не магла адмовіцца ад яго! Як мучылі яе сорам, раскаянне і гнеў, калі, будучы перад ім ва ўсёй сваёй прыгажосці, яна ведала, што па сутнасці ляжыць ля яго ног!
— Міс Фларэнс, — прадаўжаў Каркер, — пакінутая на апеку — калі можна гэта назваць апекай — слуг і наёмных людзей, якія ва ўсіх адносінах стаяць ніжэй яе, натуральна, мела патрэбу з дзіцячых год у навучаннях і ўказаннях і, не маючы гэтага, у сваіх учынках была неасцярожнай і да вядомай ступені забылася пра сваё становішча. Захапілася яна была нейкім Уолтэрам, простым хлапцом, які, на шчасце, цяпер памёр. І шкадуючы павінен сказаць, што яна падтрымлівала вельмі непажаданыя зносіны з нейкімі маракамі кабатажнага плавання, якія зусім не карыстаюцца добрай рэпутацыяй, і са старым уцёкшым банкротам.
— Я пра ўсё гэта чула, сэр, — сказала Эдзіт, кінуўшы на яго пагардлівы позірк, — і мне вядома, што вы гэтыя факты скажаеце. Вы можаце гэтага не ведаць. Спадзяюся, што так.
— Прабачце, — сказаў містэр Каркер, — думаю, што ніхто не ведае іх лепш, чым я. Вашу велікадушную і палкую натуру пані, — тую натуру, якая так благародна і настойліва апраўдвае вашага любімага і паважанага мужа і якая яго ашчаслівіла, як