Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/365

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каторая цяпер гадзіна; а следам за гэтым дырэктар Ост-Індскай кампаніі знямогся ў якасці субяседніка, і з тае прычыны, што містэр Домбі быў не з тых, хто мог-бы яго ажывіць, госць выпучваў вочы на агонь у каміне пакуль не з'явіўся выратавальнік у асобе місіс Ск'ютон, якую дырэктар, удачна пачаўшы вечар, палічыў за місіс Домбі і віншаваў з энтузіязмам.

Другім прыбыў дырэктар банка; калі верыць чуткам, ён мог купіць што захацеў-бы — нават чалавечую прыроду, калі найшло-б яму ў галаву зрабіць уплыў у гэтых адносінах на Біржу, — але аказаўся ён чалавекам надзвычай скромным на словах, які амаль што не выхваляўся гэтым; у размове ён успомніў пра свой «домік» у Кінгстоне на Темзе і пра тое, што амаль саромеецца прапанаваць там пасцель і адбіўную катлету містэру Домбі, калі той захоча яго наведаць.

З'явілася місіс Домбі, прыгожая і гордая, якая так зняважліва і задзірыста на ўсіх пазірала, нібы шлюбны вянок на яе галаве быў гірляндай са стальных іголак, надзетай з мэтаю прымусіць яе на ўступку, на якую яна не згодзіцца, хоць-бы нават ёй пагражала смерць. З ёю была Фларэнс. Калі яны ўвайшлі разам, цень, які набег у дзень звароту, зноў засмуціў твар містэра Домбі, але застаўся не заўважаным, бо Фларэнс не адважвалася падняць на яго вочы, а роўнадушша Эдзіт было занадта велічнае, каб яна звяртала на яго ўвагу.

Хутка з'язджаліся шматлікія госці. Яшчэ дырэктары, старшыні кампаній, пажылыя людзі з грузам на галаве — парадным галаўным уборам, стрыечны брат Фінікс, маёр Бегсток, прыяцелькі місіс Ск'ютон з такім самым яркім румянцам, як у яе, і з вельмі каштоўнымі каралямі на вельмі вялых шыях. Сярод іх — маладая шасцідзесяцігадовая лэдзі, надзвычай лёгка апранутая, калі меркаваць па яе спіне і плячах, і якая гаварыла з прыемным сюсюканнем; павекі яе патрабавалі вялікіх ад яе намаганняў, каб не апускацца, а манеры вызначаліся той неапісальнай чароўнасцю, якую так часта звязваюць з лёгкадумным юнацтвам. З прычыны таго, што большасць гасцей са спісу містэра Домбі была настроена маўчаць, а большасць гасцей са спісу місіс Домбі была настроена гаварыць і ўзаемных сімпатый паміж імі не было, то госці са спісу місіс Домбі з прычыны магнетычнай згоды заключылі саюз супроць гасцей са спісу містэра Домбі, якія, панура сланяючыся па пакоях або хаваючыся па кутках, сутыкаліся з зноў прыехаўшымі, траплялі ў засаду за канапамі, а калі расчыняліся дзверы, атрымлівалі ўдары па галаве і цярпелі ўсялякія невыгоды.

Калі далажылі, што абед паданы, містэр Домбі прапанаваў руку старой лэдзі, падобнай да малінавай аксамітнай падушачкі для іголак, напханай банкаўскімі білетамі; стрыечны брат Фінікс прапанаваў руку місіс Домбі; маёр Бегсток прапанаваў руку місіс Ск'ютон. Калі ўсе ўжо ўселіся, з'явіўся са збянтэжанай

361