Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усмешкай адзін з нясмелых гасцей, зусім бездапаможны і пакінуты без догляду, і ў суправаджэнні дварэцкага два разы абышоў вакол стала, перш чым пашанцавала знайсці яго месца, якое, урэшце, аказалася з левага боку ад місіс Домбі, пасля чаго нясмелы госць больш ужо не адважваўся падымаць галаву.

Стрыечны брат Фінікс быў у добрым настроі і выглядаў надзвычай маладжавым. Але апанаваны вясёлым настроем, ён часамі бываў лёгкадумным — памяць іншы раз не слухалася яго таксама, як і ногі, — і ў той вечар ён прымусіў кампанію ўздрыгануцца. Здарылася гэта так. Маладая лэдзі з адкрытай спіной, якая адчувала пяшчотныя пачуцці да стрыечнага брата Фінікса, злавіла ў свае сеці дырэктара Ост-Індскай кампаніі, каб заняць месца побач з ім за сталом; у падзяку за гэту добрую паслугу яна зараз-жа адвярнулася ад дырэктара, які, будучы заслонены з другога боку панурым, чорным аксамітным капялюшам, што прыкрываў галаву кастлявай і негаваркой асобы жаночага пола з веерам, аддаўся смутку і замоўк. Стрыечны брат Фінікс і маладая лэдзі былі вельмі ажыўленыя і вясёлыя, і маладая лэдзі так моцна смяялася, слухаючы расказ Фінікса, што маёр Бегсток ад імя місіс Ск'ютон (яны сядзелі візаві, бліжэй да другога канца стала) папрасіў дазволу запытацца, ці нельга зрабіць гэты расказ усеагульным здабыткам.

— Ах, клянуся жыццём, — сказаў Фінікс, — нічога асаблівага няма. Дапраўды, не варта паўтараць. Уласна кажучы, гэта толькі маленькі анекдот Джэка Эдэмса. Думаю, мой сябра Домбі… — справа ў тым, што ўвага ўсіх прысутных была сканцэнтравана на стрыечным браце Фініксе, — прыпамінае Джэка Эдэмса, Джэка Эдэмса, не Джо — Джо звалі яго брата. Джэк… маленькі Джэк… косіў і крыху заікаўся… Ён прадстаўляў нейкае бюро. Магчыма, мой сябра Домбі ведаў гэтага чалавека?

Містэр Домбі даў адмоўны адказ.

Але адзін з нясмелых гасцей раптам вызначыўся, заявіўшы, што ён яго ведаў і дадаўшы: «Заўсёды насіў гесенскія боты!»

— Правільна, — прагаварыў стрыечны брат Фінікс, нахіляючыся ўперад, каб разглядзець нясмелага госця, і пасылаючы яму на другі канец стала падбадзёрваючую ўсмешку. — А Джо насіў…

— Боты з адваротамі! — усклікнуў нясмелы госць, з кожнай секундай павышаючыся ў вачах грамады.

— Вядома, вы былі з ім знаёмы? — запытаўся стрыечны брат Фінікс.

— Я ведаў іх абодвух, — адказаў нясмелы госць, пасля чаго містэр Домбі адразу-ж з ім чокнуўся.

— Надта-ж слаўны хлапчына гэты Джэк! — сказаў стрыечны брат Фінікс, зноў нахіляючыся ўперад і ўсміхаючыся.

— Надзвычайны! — згадзіўся нясмелы госць, якога поспех рабіў адважным. — Адзін з лепшых людзей, якіх я ведаў!

362