бо ўпотайку яна ўвесь час баялася, што ніхто не адчуваў сябе тут дома, хоць усё было ўпарадкавана вельмі добра і жыццё наладжана. Гадзінамі размышляючы ўдзень і ўночы і шмат разоў аплакваючы загінуўшую надзею, Фларэнс нярэдка ўспамінала энергічнае запэўненне сваёй новай мамы, што няма на свеце нікога, хто-б менш, чым яна, быў здолен навучыць Фларэнс, як заваяваць сэрца бацькі. І неўзабаве Фларэнс пачала думаць — больш правільна было-б сказаць: вырашыла думаць, — што новая яе маці ведае, як мала надзеі змякчыць або перамагчы непрыхільнасць бацькі, і ад спачування забараніла гаварыць аб гэтым прадмеце. Пазбаўленая эгаізма — і ва ўчынках сваіх і ў думках — Фларэнс лічыла за лепшае цярпець боль ад гэтай новай раны, толькі каб заглушыць слабае прадчуванне ісціны аб бацьку, і нават мімалётныя думкі аб ім былі напоўнены пяшчотнасцю. Што-ж датычыць хатняга ачага, яна спадзявалася — усё вырашыцца добра, калі наладзіцца новае жыццё, а аб сабе яна думала мала і яшчэ менш шкадавала сябе.
Калі ніхто з членаў новай сям'і не адчуваў сябе як належыць дома ў сваім кругу, то было вырашана, што місіс Домбі павінна ў людзях адчуць сябе як дома. З мэтай адсвяткаваць нядаўняе вяселле і замацаваць сувязі ў грамадзе містэр Домбі і місіс Ск'ютон задумалі цэлы рад пагулянак; для пачатку вырашылі, што ў такі-та вечар містэр і місіс Домбі запросяць да сябе вялікую, рознастайную кампанію.
Містэр Домбі склаў спіс розных усходніх магнатаў, якіх трэба было запрасіць ад яго імя на гэты пір; да яго спісу місіс Ск'ютон, дзейнічаючы ад імя сваёй дачкі, якая праяўляла да гэтай выдумкі ганарлівую абыякавасць, дадала заходні спіс, куды быў уключан стрыечны брат Фінікс, які яшчэ не вярнуўся з Бадэн-Бадэна на вялікую страту для рухомай яго маёмасці, і рознастайныя матылькі розных відаў і ўзростаў, якія ў розны час ляталі вакол яе цудоўнай дачкі або яе самой, не пашкодзіўшы сваіх крыльцаў. Фларэнс была ўключана ў лік запрошаных на абед па загаду Эдзіт, які выклікаў хвіліннае хістанне і замяшанне місіс Ск'ютон. І Фларэнс, якая шпарка і інстынктыўна адчувала ўсё, што хоць колькі-небудзь раздражняла яе бацьку, моўчкі прымала ўдзел у святкаванні.
Свята адкрыў містэр Домбі ў незвычайна высокім і тугім каўнерыку; ён бесперастанку прахаджваўся па гасцінай, пакуль не адбіла гадзіна, прызначаная для абеду; хвіліна ў хвіліну з'явіўся і быў сустрэнуты адным толькі містэрам Домбі дырэктар Ост-Індскай кампаніі, вельмі багаты, у жылеце, які, здавалася, быў зроблены з прыгоднай для гэтай мэты сасновай дошкі простым цесляром, а ў сапраўднасці створаны майстэрствам краўца і пашыты з матэрыі, якая называецца нанкай. Наступным этапам свята з'явілася распараджэнне містэра Домбі засведчыць яго пашану місіс Домбі, дакладна сказаўшы,