Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/363

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вызваліць яго ад вялікіх пакут — яна не ведае, што іменна і чаму, — але ёй ніяк не ўдаецца дасягнуць мэты і вызваліць яго. Пасля яна ўбачыла яго мёртвым на гэтым самым ложку, у гэтым самым пакоі, даведалася, што ён ніколі, да апошняй хвіліны не любіў яе, і, горка плачучы, кінулася на яго халодныя грудзі. Пасля адкрыліся далі, тут-жа працякала рака, жаласлівы знаёмы голас ўсклікнуў: «Яна цячэ, Флой! Яна ніколі не спыняецца! Яна цягне за сабой!» І яна ўбачыла яго ўдалечыні, калі ён працягваў да яе рукі, а побач з ім стаяў нехта падобны да Уолтэра, надзвычай спакойны і нерухомы. У кожным сне Эдзіт з'яўлялася і знікала, несучы ёй то радасць, то смутак, і, нарэшце, яны асталіся ўдваіх ля краю цёмнай магілы; Эдзіт паказвала ўніз, а яна паглядзела і ўбачыла — каго? — другую Эдзіт, якая ляжала на дне.

У жаху ад гэтага сну яна закрычала і, як ёй здалося, прачнулася. Пяшчотны голас нібы шапнуў ёй на вуха: «Фларэнс, любая Фларэнс, гэта толькі сон!» і, працягнуўшы рукі, яна адказала на ласку сваёй новай мамы, якая вышла пасля з пакоя пры святле шэрай раніцы. Фларэнс зараз-жа села ў пасцелі, не разумеючы, здарылася гэта ў сапраўднасці ці не, але ўпэўнена яна была толькі ў тым, што прышла шэрая раніца, што пачарнелы попел ляжыць на каміннай рашотцы і што яна адна ў пакоі.

Так прайшла ноч пасля звароту шчаслівай пары.


РАЗДЗЕЛ XXXVI

Святкаванне наваселля.

Прайшло шмат дзён, падобных адзін да аднаго; розніца была толькі ў тым, што прымалі шматлікіх гасцей і аддавалі візіты, што місіс Ск'ютон наладзіла ў сваіх уласных апартаментах маленькія ранішнія прыёмы, на якіх часцяком з'яўляўся маёр Бегсток, і што Фларэнс больш не злавіла ніводнага позірку, скіраванага на яе бацькам, хоць і бачыла яго кожны дзень. І рэдка гутарыла яна са сваёй новай мамай, якая была ўладарнай і ганарлівай з усімі ў доме, апрача яе, — гэтага Фларэнс не магла не заўважыць; хоць яна заўсёды пасылала па Фларэнс або прыходзіла да яе, вярнуўшыся дадому пасля візітаў, і, як-бы не было позна, заўсёды заходзіла да яе ў пакой перад сном, але, астаючыся з ёй удваіх, часта сядзела доўга, маўклівая і задуменная.

Фларэнс, якая ўскладала гэтулькі надзей на гэты шлюб, іншы раз мімаволі параўноўвала прыгожы дом з ранейшым, пабляклым і панурым, чыё мёсца ён заняў, і пыталася ў самой сябе, калі-ж і якім чынам гэты дом зробіцца хатнім ачагом,

359