У скрынках і на паліцах захоўваліся ў яго прадметы з медзі і шкла, і ніхто, апрача тых, хто ведаў, не мог-бы сказаць, дзе ў іх верх або адгадаць спосаб іх ужывання, або, агледзеўшы іх, зноў пакласці без чыëй-небудзь дапамогі ў іх гнёзды з чырвонага дрэва. Кожная рэч была ўціснута ў самы вузкі футляр, укладзена ў самае цеснае аддзяленне, атулена самымі недарэчнымі падушачкамі і прыкручана да самых вострых вуглоў, каб філасафічны яе спакой не пацярпеў ад марской качкі. Такія незвычайныя меры перасцярогі былі прыняты ва ўсім з мэтай зэканоміць месца і ўкласці рэчы як мага цясней, і гэтулькі практычнай навігацыі[1] было прыладжана, атулена падушкамі і ўціснута ў кожную скрынку, што і сама крама, не ўстаяўшы перад заразай, як быццам ператварылася ва ўтульнае мораходнае, карабельнага тыпу, збудаванне, якому, у выпадку нечаканага спуску на ваду, патрэбны былі толькі марскія прасторы, каб удачна прыплысці да любога незаселена вострава на зямным шары.
Многія больш дробныя дэталі ў гаспадарцы майстра карабельных інструментаў, які ганарыўся сваім маленькім мічманам, падтрымлівалі і ўмацоўвалі гэтую ілюзію. З тае прычыны, што яго знаёмымі былі пераважна судновыя пастаўшчыкі і падобныя на іх людзі, дык на стале ў яго заўсёды былі ў вялікай колькасці сапраўдныя марскія сухары. Гэты стол быў у сяброўскіх адносінах з сушаным мясам і языкамі, якія вызначаліся незвычайным пахам пенькі. Пікулі паяўляліся на ім у вялізных оптавых банках з ярлыкамі: «Пастаўшчык усіх відаў правіянта для суднаў»; спіртныя напіткі падаваліся ў аплеценых флягах без рыльца. Старыя гравюры, на якіх былі намаляваны караблі, з алфавітнымі ўказальнікамі, што мелі дачыненне да шматлікіх яго таямніц, віселі ў рамах на сцяне; на паліцы пад парусамі красаваўся татарскі фрэгат[2]; заморскія ракавіны, водараслі і імхі аздаблялі камін; у маленькую ўпрыгожаную панеллю гасціную святло пранікала, як у каюту, праз акно у столі.
Тут жыў ён, на становішчы шкіпера[3], адзін са сваім пляменнікам Уолтерам, чатырнаццацігадовым хлапчуком, які ў дастатковай меры быў падобны на мічмана, каб не парушаць агульнага ўражання. Але гэтым і канчалася справа, бо сам Саламон Джылс (якога часцей называлі старым Солем) зусім не выглядаў мараком. Гэта быў маларухавы, задуменны стары, з ціхім голасам, з вачыма чырвонымі, як маленькія сонцы, што пазіраюць на вас праз туман, і з выглядам толькі што абуджанага чалавека, які ён мог набыць, калі-б пазіраў дні тры-чатыры засаб ва ўсе аптычныя інструменты сваёй крамы, а пасля раптам вярнуўся да