Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы гэтага не паказваеце, — сказала Полі.

— О, я-ж усяго толькі сталая, дык няварта і чакаць, каб я гэта паказвала, як часовая, — сказала С’юзен Ніпер. — Я бачу, што часовыя тут перамагаюць, але хоць паміж гэтым домам і суседнім добрая сцяна, аднак, не гледзячы ні на што, мне, можа, усё-такі не хочацца апынуцца прыпёртай да яе, місіс Рычардс!



РАЗДЗЕЛ IV,

у якім на нашай сцэне ўпершыню выступаюць новыя асобы.

Хоць кантора Домбі і Сына знаходзілася ў межах вольнасцей лонданскага Сіці і гуку званоў Сент-Мэры-ле-Бау, калі гулкія галасы іх яшчэ не танулі ў вулічным шуме, аднак, дзе-ні-дзе па суседству можна было заўважыць сляды адважнага рамантычнага жыцця. За рогам вуліцы ўзвышаўся дом багатай Ост-Індскай кампаніі[1], наводзячы на думку аб каштоўных тканінах і каменнях, аб тыграх, сланах, шырокіх сëдлах з балдахінам, кальянах, парасонах, пальмах, паланкінах і цудоўных смуглявых прынцах, якія сядзяць на дыване у туфлях з вельмі загнутымі уверх мысікамі. Усюды па суседству можна было ўбачыць малюнкі караблёў, якія накіроўваюцца на ўсіх парусах ва ўсе часткі свету, таварныя склады, гатовыя адправіць праз поўгадзіны ў дарогу каго хочаш і куды хочаш у поўным снараджэнні, і маленькіх драўляных мічманаў[2] у застарэлай марской форме, што былі над уваходам у крамы марскіх інструментаў і вечна назіралі за наёмнымі карэтамі.

Адзіны гаспадар і ўладальнік адной з такіх фігурак — той, якую можна было-б назваць фамільярна самай драўлянай, — пажылы джентльмен у валійскім парыку, уносіў арэндную плату, падаткі і пошліны на працягу большага ліку гадоў, чым налічвалі многія вялікаўзросныя мічманы ў плоці і крыві, а мічманаў, якія дасягнулі бадзёрай старасці, ставала ў англійскім флоце.

Запас тавару гэтага старога джентльмена складаўся з хранометраў, барометраў, тэлескопаў, компасаў, карт марскіх і геаграфічных, секстантаў, квадрантаў[3] і ўзораў рознастайных інструментаў, якімі карыстаюцца пры вызначэнні курса судна, у час суднавых вылічэнняў і вызначэнняў месцазнаходжання судна.


  1. Ост-Індская кампанія — буйнейшая англійская гандлёвая кампанія, арганізаваная яшчэ ў 1600 годзе. Англійскі ўрад толькі за гэтай кампаніяй прызнаў права гандлю з Індыяй скарыстаў яе, як зброю для сваіх захопніцкіх планаў на ўсходзе.
  2. Мічман — першы афіцэрскі чын у флоце капіталістычных краін.
  3. Секстант, квадрант — астранамічныя інструменты для вызначэння па нябесных свяцілах месца карабля ў адкрытым моры.

28