Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

навакольнага свету і ўбачыў, што ён пазелянеў. Ён насіў вельмі акуратнае жабо, надзвычайныя акуляры на ілбе і велізарны хранометр у кішэні і хутчэй паверыў-бы ў змову ўсіх насценных і кішанёвых гадзіннікаў Сіці і нават самога сонца, чым усумніўся ў гэтым дарагім інструменце.

А палове шостай, асеннім вечарам, знаёмяцца чытач і Саламон Джылс. Саламон Джылс заняты тым, што пазірае, колькі часу паказвае яго беззаганны хранометр. Вечар абяцае быць дажджлівым. Усе барометры ў краме палі духам, і дажджавыя кроплі ўжо блішчаць на трохкутцы Драўлянага Мічмана.

— Хацеў-бы я ведаць, дзе Уолтэр? — сказаў Саламон Джылс, клапатліва схаваўшы хранометр. — Вось ужо паўгадзіны, як абед гатоў, а Уолтера няма!

Павярнуўшыся на сваёй табурэтцы за канторкай, Джылс зірнуў з-за інструментаў у акно, ці не пераходзіць яго пляменнік вуліцу. Не. Яго не было сярод рухавых парасонаў, і ўжо, зразумела, нельга было за яго палічыць газетчыка ў цыратавай кепцы, які павольна праходзіў міма меднай дошкі знадворку, указальным пальцам выпісваючы сваё імя над імем містэра Джылса.

— Каб я не ведаў, што ён вельмі мяне кахае, каб уцячы і супроць майго жадання паступіць на судно, я пачаў-бы непакоіцца, — сказаў містэр Джылс, пастукваючы суставамі пальцаў па двух-трох барометрах. — Дапраўды, пачаў-бы.

— Ало, дзядзя Соль!

— Ало, мой хлопчык! — усклікнуў інструментальны майстар, хутка паварочваючыся. — А, дык вы ужо тут?

Бадзёры, вясёлы хлопчык, які ажывіўся ад шпаркай хады пад дажджом, мілавідны, з пабліскваючымі вачыма і кучаравымі валасамі.

— Ну, што, дзядзя, як вы жылі без мяне ўвесь дзень? Гатовы абед? Які я галодны!

— Што датычыць таго, як я жыў, — добрадушна сказаў Саламон, — то дзіўна было-б, калі-б без такога павесы, як вы, мне не жылося значна лепш. Што датычыць абеду, то вось ужо поўгадзіны як ён гатовы і чакае вас. А што датычыць голаду, то і я галодны.

— Ну, дык ідзем, дзядзя! — усклікнуў хлопчык. — Ура, у гонар адмірала!

— К чорту адмірала![1] — запярэчыў Саламон Джылс. — Вы хочаце сказаць — лорд-мэра[2].

— Не, не хачу! — закрычаў хлопчык. — Ура ў гонар адмірала! Ура ў гонар адмірала! Напе-рад!


  1. Адмірал — вышэйшы чын у ваенным флоце.
  2. Лорд-мэр — глава гарадскога муніцыпалітэта (самакіраўніцтва) ў Англіі.

30