Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да яе, калі-б я не спачуваў шчыра яе пакутам, якой-бы не была іх прычына? Маё каханне, ведаеце, не эгаістычнае, — сказаў містэр Тутс, загарэўшыся давер'ем пасля таго, як бачыў адчувальнасць капітана. — Са мною справа такая, капітан Джылс: калі-б я трапіў пад каня або… або калі-б мяне растапталі або… або скінулі з якога-небудзь вельмі высокага месца… або што-небудзь падобнае да гэтага… дзеля міс Домбі, для мяне гэта было-б найвялікшым шчасцем!

Усё гэта містэр Тутс праказаў, прыцішыўшы голас, каб гутарка яго не дайшлася да рэўнівага слыху Пеўня — ворага пяшчотных эмоцый; і гэта намаганне, таксама як і гарачае пачуццё, прымусіла яго пачырванець да вушэй, а перад вачыма капітана Катля паўстала такое чуллівае відовішча бескарыслівага кахання, што добры капітан спачувальна пахлопаў яго па спіне і параіў не падаць духам.

— Дзякую вам, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — вельмі прыязна з вашага боку гаварыць мне гэта, калі ў вас самога такое гора. Я вам вельмі дзякую. Але я няшчасны. Я пакутую, думаючы пра міс Домбі, капітан Джылс. У мяне няма апетыту. Мой кравец не робіць мне ніякай прыемнасці. Астаючыся адзін, я часта плачу. Запэўняю вас, мне будзе вельмі прыемна вярнуцца сюды заўтра і варочацца яшчэ пяцьдзесят разоў.

Кажучы гэта містэр Тутс паціснуў руку капітану і, супакоіўшыся, наколькі гэта было магчыма за такі кароткі тэрмін, каб схавацца ад праніклівага позірку Пеўня, вышаў у краму, дзе быў гэты славуты джэнтльмен. Певень, які меў схільнасць рэўніва абараняць свае правы, пазіраў на капітана Катля зусім не прыхільна, калі той развітваўся з містэрам Тутсам; аднак, ён пайшоў за сваім апекуном, не праяўляючы больш ніякіх адзнак незычлівасці, пакінуўшы капітана прыгнечанага смуткам, а Роба Тачыльшчыка ўзрадаванага тым, што на працягу поўгадзіны яму пашчаслівіла пазіраць на пераможцу Нобі Шропшыра Першага.

Роб даўно ўжо спаў, а капітан усё яшчэ сядзеў, пазіраючы на агонь; і даўно ўжо патух агонь, а капітан усё яшчэ сядзеў, не спускаючы вачэй з заржаўленых прутоў, і ў галаве ў яго было поўна безнадзейных думак аб Уолтэры і старым Солі. У адкрытай для ўсіх вятроў спальні пад дахам ён таксама не знайшоў супакаення; і раніцой капітан устаў з пасцелі смутны і не адпачыўшы.

Як толькі адчыніліся канторы ў Сіці, капітан накіраваўся ў гандлёвы дом Домбі і Сын. Але вокны Мічмана яе адчыняліся ў тую раніцу. Роб Тачыльшчык, па загаду капітана, пакінуў акяніцы зачыненымі і дом быў падобны да дома смерці.

Здарылася так, што містэр Каркер уваходзіў у кантору ў той момант, калі капітан Катль падышоў да дзвярэй. Моўчкі і чынна

325