разам з Уольрам. Гэта не адзін Уольр. Дзюжыну Уольраў я ведаў і любіў, усе яны абдымалі яго за шыю, калі ён ішоў да дна, а цяпер абдымаюць мяне!
Містэр Тутс сядзеў моўчкі ля стала і складаў на калене газету, стараючыся зрабіць яе як мага меншай.
— А Соль Джылс! — прадаўжаў капітан, пазіраючы на агонь. — Бедны, стары Соль Джылс, які страціў пляменніка, што здарылася з вамі? Вас ён пакінуў на маю апеку; апошнія словы яго былі: «Паклапаціцеся аб дзядзі!» Што штурхала вас, Соль, пайсці і сказаць «бывай» Нэду Катлю? І што запісаць мне пра вас у маю справаздачу, на якую ён пазірае зверху? Соль Джылс, Соль Джылс! — сказаў капітан, павольна ківаючы галавой. — Трапіць пад руку вам гэта газета там, далёка ад роднага дому, калі няма каля вас нікога, хто-б ведаў Уольра, і няма каму слова сказаць, і зменіце вы курс і пойдзеце на дно! Цяжка ўздыхнуўшы, капітан павярнуўся да містэра Тутса і, схамянуўшыся, звярнуў увагу на гэтага джэнтльмена.
— Прыяцель, — сказаў капітан, — вы павінны сумленна паведаміць маладой жанчыне, што гэта фатальная вестка вельмі праўдзівая. Такіх спраў, ведаеце, не выдумляюць. Гэта запісана ў суднавы журнал, а суднавы журнал — самая праўдзівая кніга, якую толькі можа напісаць чалавек. Заўтра раніцой, — сказаў капітан, — я пайду дазнавацца, але нічога добрага з гэтага не выйдзе. Не можа выйсці. Калі вы зайдзеце да мяне да поўдня, я вам раскажу, што мне ўдалося даведацца; а маладой жанчыне перадайце ад капітана Катля, што ўсё скончана. Скончана!
І капітан, зняўшы кручком глянцавіты капялюш, выняў з яго насавую хустачку, у роспачы выцер сваю сівую галаву і ў глыбокім суме зноў кінуў хустачку ў капялюш.
— О! Запэўняю вас, — сказаў містэр Тутс, — дапраўды-ж, я вельмі засмучан. Далібог засмучан, хоць і не быў знаёмы з зацікаўленым бокам. Як вы думаеце, міс Домбі будзе вельмі расстроена, капітан Джылс, ах не, містэр Катль?
— Ну яшчэ-б, што вы! — адазваўся капітан, нібы шкадуючы, што містэр Тутс наіўны. — Калі яна была вось такой крошкай, яны любілі адзін аднаго, як два галубкі.
— Сапраўды так? — запытаўся містэр Тутс з прыкметна выцягнуўшайся фізіяноміяй.
— Яны былі створаны адзін для аднаго, — з горыччу сказаў капітан. — Але якое гэта мае цяпер значэнне?
— Клянуся гонарам! — усклікнуў містэр Тутс, выпальваючы словы ўперамешку са збянтэжаным хіхіканнем і ўсхліпваннямі. — Цяпер я засмучаны яшчэ больш, чым раней. Ведаеце што, капітан Джылс, я… я літаральна абажаю міс Домбі, я… я проста хворы ад кахання да яе! — Тая парыўчатасць, з якою гэтае прызнанне вырвалася ў злашчаснага містэра Тутса, сведчыла аб сіле яго пачуццяў. — Але якая была-б карысць ад такіх маіх адносін