адказаўшы на прывітанне загадчыка, капітан Катль адважыўся пайсці за ім у яго кабінет.
— Ну-с, капітан Катль, — сказаў містэр Каркер, прымаючы звычайную сваю позу ля каміна і не здымаючы капялюша, — кепскія справы.
— Вы атрымалі паведамленне, якое было, надрукавана ва ўчарайшай газеце, сэр? — запытаўся капітан.
— Так, — сказаў містэр Каркер, — мы атрымалі. Гэта былі дакладныя весткі. Страхоўшчыкам будуць значныя страты. Мы вельмі шкадуем. Нічога не зробіш! Такое жыццё!
Містэр Каркер прыводзіў у парадак ногці ножыкам і ўсміхаўся капітану, які стаяў ля дзвярэй і паглядаў на яго.
— Мне вельмі шкада небаракі Гэя, — сказаў Каркер, — і экіпажа. Як мне вядома, на барту быў сёй-той з лепшых нашых служачых. Заўсёды так бывае. Да таго-ж шмат якія мелі сем'і. Прыемна думаць, што ў небаракі Гэя не было сям'і, капітан Катль!
Капітан стаяў, паціраючы падбародак і не зводзячы вачэй з загадчыка. Загадчык зірнуў на нераспячатаныя пісьмы, што ляжалі на стале, і ўзяў газету.
— Ці не магу я вам чым-небудзь дапамагчы, капітан Катль? — запытаўся ён, адрываючыся ад газеты, усміхаючыся і красамоўна паглядаючы на дзверы.
— Я хацеў-бы, каб вы вырашылі адно непаразуменне, сэр, якое не дае мне спакою, — адазваўся капітан.
— Так? — усклікнуў загадчык. — Што-ж гэта такое? Дазвольце мне, капітан Катль, сказаць, каб вы паспяшалі. Я вельмі заняты.
— Паслухайце, сэр, — сказаў капітан, наблізіўшыся да яго на крок, — перад тым, як мой сябра Уольр рушыў у гэта злашчаснае плаванне…
— Ну-ну, капітан Катль, — з усмешкай перапыніў загадчык, — не гаварыце такім тонам пра злашчаснае плаванне. Мы тут, мой любы, ніякіх адносін да злашчаснага плавання не маем. Напэўна, вы досвіткам перакулілі сёння сваю первую шкляначку, капітан, калі забываецеся аб тым, што ўсякае падарожжа, як марское, так і сухаземнае, звязана з рызыкай. Няўжо вас непакоіць думка, што гэты малады… як яго там завуць… загублены штормам, які падняўся супроць яго тут, у гэтай канторы? Пасаромцеся, капітан! Сон і содавая вада — вось найлепшы сродак супроць такога недамагання.
— Мой хлопчык, — павольна прамовіў капітан, — для мяне вы амаль хлопчык, так што мне няма чаго прасіць прабачэння за выпадкова выскачыўшае слова, — калі для вас прыемныя такія жарты, значыцца вы не той джэнтльмен, якім я вас лічыў, а калі вы не той джэнтльмен, якім я вас лічыў, то, значыцца, у мяне, мусіць, ёсць падставы турбавацца. Справа вось якая, містэр Каркер: перад тым, як небарака хлопчык, згодна атрыманага за-