— Бержэсу і К° давядзецца папрацаваць, — сказаў наведвальнік, спачувальна паглядаючы цераз плячо на свае штаны, вельмі мокрыя і запырсканыя гразёю. — О, як маецеся, містэр Джылс?
Прывітанне тычылася капітана, які вышаў з задняй гасцінай, яўна і вельмі няўмела прытвараючыся, нібы зайшоў сюды выпадкова.
— Дзякую вам, — прадаўжаў джэнтльмен, не робячы паузы, — я сябе адчуваю вельмі добра, вельмі вам удзячан. Мяне завуць Тутс, містэр Тутс.
Капітан, успомніўшы, што бачыў гэтага маладога джэнтльмена на вяселлі, пакланіўся. Містэр Тутс адказаў хіхіканнем і, будучы як заўсёды ў замяшанні, пачаў цяжка дыхаць, доўга паціскаў руку капітану, а пасля, не маючы іншых рэсурсаў, накінуўся на Роба Тачыльшчыка і ў вышэйшай ступені ветліва і шчыра паціснуў яму руку.
— Паслухайце! Я хацеў-бы сказаць вам слаўцо, містэр Джылс, калі вы дазволіце, — сказаў, нарэшце, Тутс, выяўляючы вялікую стрыманасць, — паслухайце. Міс Д. О. М… ведаеце!
Капітан, таксама важна і таямніча, адразу паказаў сваім кручком у бок маленькай гасцінай, куды і рушыў за ім містэр Тутс.
— О, прашу прабачэння, — сказаў містэр Тутс, заглядаючы ў твар капітану і садзячыся ў крэсла ля каміна, якое капітан прысунуў для яго, — можа, вы выпадкова ведаеце Пеўня, містэр Джылс?
— Пеўня? — сказаў капітан.
— Баявога Пеўня, — сказаў містэр Тутс.
Калі капітан адмоўна паківаў галавой, містэр Тутс растлумачыў, што памянёная асоба з'яўляецца выдатнай, яна пакрыла славай сябе і сваю краіну ў спаборніцтве з Нобі Шропшырам Першым; але з гэтага паведамлення, здавалася, капітан зразумеў вельмі мала.
— Справа ў тым, што ён стаіць на вуліцы, вось і ўсё, — сказаў містэр Тутс. — Але гэта не мае ніякага значэння; ён не надта прамокне.
— Я зараз-жа загадаю, каб яго ўпусцілі, — сказаў капітан.
— Ну, калі вы ўжо такі добры, што дазваляеце яму пасядзець у краме з вашым маладым чалавекам, — хіхікаючы, сказаў містэр Тутс, — то я вельмі рад, бо ён, ведаеце, крыўдлівы, а сырое надвор'е дрэнна адбіваецца на яго здароўі. Я сам паклічу яго, містэр Джылс.
Містэр Тутс сказаў гэта, падышоўшы да знадворных дзвярэй, замыславата свіснуў у цемру, пасля чаго з'явіўся джэнтльмен-стоік у калматым белым паліце і капялюшы з простымі палямі, вельмі коратка падстрыжаны, са зламаным носам і вялікай прасторай за абодвума вушамі, бясплоднай і пазбаўленай расліннасці.