— Сядайце, Певень, — сказаў містэр Тутс.
Згодлівы Певень выплюнуў некалькі саломінак, якімі частаваўся, і паклаў у рот новую порцыю з запасу, які быў у руцэ.
— Ці не знойдзецца тут чаго-небудзь прамачыць горла? — сказаў Певень, ні да каго ў прыватнасці не звяртаючыся. — Гэта дажджлівае надвор'е — дрэнная рэч для таго, хто жыве на свае сродкі.
Капітан Катль падаў шклянку рому, а Певень, закінуўшы галаву, ўліў яго ў сябе, як у бочку, агаласіўшы папярэдне лаканічны тост: «За здароўе ўсіх нас!» Калі-ж містэр Тутс і капітан вярнуліся ў гасціную і зноў селі ля каміна, містэр Тутс загаварыў:
— Містэр Джылс…
— Стоп! — сказаў капітан. — Мяне завуць Катль.
Містэр Тутс здаваўся вельмі збянтэжаным, у той час як капітан спакойна прадаўжаў:
— Завуць мяне капітан Катль, і радзіма мая — Англія, тут маё месцажыхарства, і благаславёна ўсякае стварэнне. З Іова[1], дадаў капітан, спасылаючыся на першакрыніцу.
— О! А скажыце, ці не магу я ўбачыць містэра Джылса? — запытаўся містэр Тутс. — Справа ў тым, што…
— Калі-б вы, малады джэнтльмен, маглі ўбачыць Соля Джылса, — унушальна сказаў капітан, апускаючы сваю цяжкую руку на калена містэра Тутса, — убачыць старога Соля, не забудзьцеся пра гэта, вы былі-б для мяне больш жадаемы, чым спадарожны вецер для карабля, які трапіў у штыль. А чаму вы не можаце ўбачыць Соля Джылса? — прадаўжаў капітан, адгадаўшы па выразу твара містэра Тутса, якое глыбокае ўражанне зрабіў ён на гэтага джэнтльмена. — Бо ён нябачны.
Містэр Тутс, устрывожаны, збіраўся казаць, што гэта не мае абсалютна ніякага значэння. Але ён апамятаўся і сказаў:
— Божа мой!
— Гэты самы чалавек, — сказаў капітан, — пакінуў на маю апеку вось гэта ўсё на падставе пісьмовага дакумента, але хоць для мяне ён быў усёроўна што брат названы, я ведаю не больш, чым вы аб тым, куды ён пайшоў і чаго ён пайшоў — або ён шукае свайго пляменніка, або мазгі ў яго не ў парадку. Аднойчы раніцою, досвіткам, — прадаўжаў капітан, — ён скочыў за борт, і ніхто не чуў усплёску, ніхто не бачыў кругоў на вадзе. Я шукаў гэтага чалавека ўсюды і з таго дня ні разу не бачыў яго і не чуў і нічога аб ім не ведаю.
— Ах, божа мой, але міс Домбі не ведае… — пачаў містэр Тутс.
— А навошта, запытаю я вас, як добрага чалавека, — сказаў капітан, сцішаючы голас, — навошта ёй ведаць? Навошта ёй га-
- ↑ Іоў — капітан Катль спасылаецца на біблію (кніга Іова).