Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

там яе не было, хоць агонь ярка гарэў. Ён дастаў табакерку і люльку і, размясціўшыся пакурыць, пачаў шукаць яе ў чырвоным тлеючым попеле і ў завітках дыму, што выходзілі з яго губ; але і там не было нават каліва іржы з якара Надзеі. Ён паспрабаваў наліць сабе шклянку грогу, але меланхалічная ісціна была затоена на дне гэтага калодзежа і ён не мог дапіць шклянкі. Некалькі разоў ён прайшоўся па краме і пашукаў Надзею сярод інструментаў, але, не гледзячы на ўсё яго супраціўленне, яны ўпарта вызначалі шлях загінуўшага судна, які абрываўся на дне пустэльнага мора.

Па-ранейшаму бушаваў вецер, і дождж па-ранейшаму стукаў у зачыненыя акяніцы, калі капітан спыніўся перад Драўляным Мічманам і, выціраючы сваім рукавом мундзір маленькага афіцэра, задумаўся аб тым, колькі гадоў пражыў на свеце Мічман і як мала змен — амаль ніякіх — адбылося за гэты час з экіпажам яго судна; як гэтыя змены наляцелі ўсе разам, у адзін дзень, і як яны ўсё змялі. Маленькае таварыства ў задняй гасцінай распалася і рассеялася па свеце. Не было каму слухаць «Прыгажуню Пег», нават калі-б хто-небудзь і мог яе праспяваць, але такога чалавека не было; бо капітан быў таксама цвёрда ўпэўнены ў тым, што ніхто, апрача яго, не можа выканаць гэту баладу, як і ў тым, што пры цяперашнім становішчы спраў ён не адважыцца на такую спробу. Не было відаць у доме вясёлага твара Уольра — тут капітан на секунду адвёў свой рукаў ад мундзіра Мічмана і выцер ім уласную шчаку, — знаёмы парык і гузікі Соля Джылса зрабіліся зданню мінулага; і ўсе планы і праекты, звязаныя з Мічманам, імчаліся па волі хваль без мачты і руля.

Капітан з засмучанай фізіяноміяй стаяў у задуменні, старанна выціраючы Мічмана, столькі-ж з далікацтва да яго, старога знаёмага, колькі і з прычыны няўважлівасці, як раптам стук у дзверы магазіна прымусіў спалохана ўздрыгануцца Роба Тачыльшчыка, які, седзячы на прылаўку, не зводзіў круглых вачэй з твара капітана і ў пяцісоты раз пытаўся ў самога сябе, няўжо той зрабіў забойства, і таму так пакутуе ад сумлення і заўсёды стараецца ўцячы.

— Што гэта? — ціха запытаўся капітан Катль.

— Нехта стукае, капітан, — адказаў Роб Тачыльшчык.

Капітан з пасаромленым і вінаватым выглядам адразу-ж прабраўся на цыпках у маленькую гасціную і замкнуўся там. Роб, адчыніўшы дзверы, рыхтаваўся перагаварыць з наведвальнікам на парозе, калі-б наведвальнік з'явіўся ў асобе жанчыны; але з прычыны таго, што ён належаў да мужчынскага полу, а загад, дадзены Робу, тычыўся толькі жанчын, Роб расчыніў дзверы і дазволіў яму ўвайсці, што той і паспяшаўся зрабіць, ратуючыся ад ліўня.

318