Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Містэр Домбі неахайна ўзяў яе за руку і з хвіліну стаяў, пазіраючы на яе, нібы не ведаў, як і дзіця, што трэба сказаць або зрабіць.

— Ну, вось! Будзьце добрай дзяўчынкай, — сказаў ён, гладзячы яе па галаве і цішком збянтэжана і нерашуча на яе паглядаючы. — ідзіце да Рычардс! Ідзіце!

Яго маленькая дачка пачакала секунду, нібы ўсё яшчэ хацела прытуліцца да яго або мела слабую надзею на тое, што ён возьме яе на рукі і пацалуе. Яна яшчэ раз зірнула на яго. Ён успомніў, што такі-ж выраз твара быў у яе, калі яна азірнулася, каб паглядзець на доктара — у той вечар, і інстынктыўна выпусціў яе руку і адвярнуўся.

Не цяжка было заўважыць, што Фларэнс многае траціла ў прысутнасці бацькі. Стрымліваліся не толькі думкі дзяўчынкі, але і прыродная яе грацыя і вольнасць рухаў. Усё-ж такі Полі не траціла бадзёрасці духу і, мяркуючы аб містэры Домбі па сабе, спадзявалася на маўклівы прызыў — траурную сукенку беднай маленькай Фларэнс. «Дапраўды-ж, гэта жорстка, — думала Полі, — калі ён любіць толькі адно асірацелае дзіця, калі ў яго перад вачыма другое, і да таго-ж дзяўчынка».

Таму Полі старалася трымаць яе больш перад яго вачыма і спрытна няньчыла маленькага Поля, каб паказаць, як ён ажывіўся ў прысутнасці сястры. Калі настаў час ісці наверх, яна была паслала Фларэнс у суседні пакой пажадаць бацьку спакойнай ночы, але дзяўчынка збянтэжылася і пачала адступаць назад, а калі Полі пачала настайваць, то яна прыкрыла вочы рукой, нібы хаваючыся ад сваёй уласнай нікчэмнасці, і ўсклікнула:

— О, не, не! Я яму не патрэбна! Я яму не патрэбна!

Містэр Домбі звярнуў увагу на гэтую маленькую спрэчку; не ўстаючы з-за стала, за якім ён піў віно, містэр Домбі запытаў, у чым справа.

— Міс Фларэнс баіцца, што перашкодзіць, сэр, калі зойдзе пажадаць вам спакойнай ночы, — сказала Рычардс.

— Гэта няважна, — адазваўся містэр Домбі. — Няхай прыходзіць і выходзіць, не звяртаючы на мяне ўвагі.

Дзяўчынка скурчылася, пачуўшы гэта, і пайшла, перш чым яе скромная сяброўка паспела аглянуцца.

Між іншым, Полі вельмі радавалася поспеху свайго добрага намеру і той спрытнасці, з якой яна яго ажыццявіла, аб чым і расказала з усімі падрабязнасцямі Задзіры, як толькі зноў апынулася шчасліва наверсе. Міс Ніпер прыняла гэты доказ яе давер’я, а таксама надзею на свабодныя дачыненні іх у будучым досыць холадна і не праявіла ніякага энтузіязму, выказваючы сваю радасць.

— Я думала, што вы будзеце задаволены, — сказала Полі.

— О, яшчэ як, місіс Рычардс, я надзвычай задаволена, дзякую вам, — адказвала С’юзен, якая раптам выпрасталася так, як быццам уставіла сабе яшчэ адну косць у карсет.

27