РАЗДЗЕЛ ХХХІІ
Драўляны Мічман разбіваецца ўшчэнт.
Сумленны капітан Катль, правёўшы некалькі тыдняў у сваім умацаваным сховішчы, зусім не меў намеру адмаўляцца ад разважлівых мер перасцярогі, прынятых для абароны ад нечаканага нападу, толькі таму, што вораг не з'яўляецца. Капітан лічыў, што цяперашняе яго шчасце занадта вялікае і цудоўнае, каб прадаўжацца доўга; ён ведаў, што нядоўга флюгер астаецца непарушным, калі дзьме спадарожны вецер. Вельмі добра знаёмы з рашучым і смелым норавам місіс Мак-Стынджэр, ён не сумняваўся ў тым, што гэта гераічная жанчына паставіла сабе за мэту знайсці яго і захапіць у палон. Калоцячыся пад цяжарам гэтых меркаванняў, капітан Катль жыў вельмі замкнута і адасоблена; звычайна выходзіў толькі на змярканні, ды і тады асмельваўся вандраваць толькі па самых глухіх вуліцах, зусім не пакідаў дома па нядзелях і як у сценах, так і за сценамі свайго сховішча, асцерагаўся капялюшыкаў, нібы іх насілі раз'юшаныя ільвы.
Капітан і не думаў, што можна аказаць супраціўленне місіс Мак-Стынджэр у выпадку, калі яна накінецца на яго ў часе прагулкі. Ён адчуваў, што гэтага нельга зрабіць. Ён ужо бачыў сябе, пакорлівага, пасаджанага ў наёмную карэту і ўселенага на старую кватэру. Ён прадбачыў, што, раз папаўшыся ў гэту турму, ён — загінуўшы чалавек; бывай яго капялюш; місіс Мак-Стынджэр пільнуе яго ўдзень і ўночы; дакоры сыплюцца на яго галаву ў прысутнасці дзяцей; ён унушае падазрэнне і недавер'е — людаед у вачах дзяцей і выкрыты здраднік у вачах іх маці.
Калі гэта змрочная карціна паўставала ва ўяўленні капітана, ён пакрываўся ўвесь потам і яго апаноўваў смутак. Звычайна гэта бывала вечарамі, незадоўга да той гадзіны, калі, азіраючыся, ён выходзіў з дому падыхаць паветрам і прагуляцца. Разумеючы, якая несяспека яму пагражае, капітан у такія хвіліны развітваўся з Робам урачыста, як і належыць чалавеку, які, магчыма, ніколі не вернецца, навучаючы яго на выпадак, калі ён (капітан) на час знікне з віду, ісці па сцежцы добрадзейнасці і добра паліраваць медныя інструменты.
Але, не жадаючы адмаўляцца ад малейшай надзеі на выратаванне і стараючыся забяспечыць сабе, калі справа набудзе дрэнны характар, магчымасць падтрымліваць зносіны са знешнім светам, капітану Катлю прышла ў галаву шчаслівая думка навучыць Роба Тачыльшчыка якому- небудзь патаемяаму сігналу, каб гэты падначалены мог у часе бяды паведаміць камандзіру аб сваёй прысутнасці і адданасці. Пасля доўгага раздум'я капітан вырашыў і навучыў яго высвістваць марскую песеньку «Гэй, весялей, весялей!», а калі Роб Тачыльшчык дасягнуў той