німі гасцямі, стараецца яе ўсцешыць, але яна і слухаць не хоча пра ўсцяшэнне, і маёр развітваецца і выходзіць. Развітваецца і выходзіць стрыечны брат Фінікс, і развітваецца містэр Каркер. Усе госці раз'язджаюцца. Астаўшыся адна, Клеапатра адчувае лёгкае галавакружэнне, выкліканае вялікім хваляваннем, і засынае.
Надыходзіць ноч. Фларэнс, паблукаўшы па пакоях вельмі добрага дома, ідзе ў сваю спальню, дзе, дзякуючы клопатам Эдзіт, яе акружаюць раскоша і ўтульнасць; зняўшы святочнае плацце, яна апранае простае траурнае, у памяць дарагога Поля, і садзіцца за кнігу, а каля яе Дыаген, расцягнуўшыся на падлозе, жмурыцца і міргае. Але сёння Фларэнс не можа чытаць. Дом здаецца дзіўным і новым, і ў ім гучна разлягаецца водгулле. На душы ў яе сумна: яна не ведае прычыны, але ёй цяжка. Фларэнс закрывае кнігу, а няўклюжы Дыаген, палічыўшы гэта за сігнал, кладзе лапы ёй на калені і трэцца вушамі аб яе рукі, якія гладзяць яго.
Маёр, які цэлы дзень задыхаўся і драмаў, позна паабедаў у сваім клубе, а цяпер сядзіць за пінтай віна і даводзіць ледзь не да вар'яцтва скромнага маладога чалавека з румяным тварам, які сядзіць за суседнім столікам (ён з радасцю заплаціў-бы вялікія грошы, каб толькі ўстаць і пайсці, але не можа гэтага зрабіць), — даводзіць ледзь не да шаленства расказамі пра Бегстока на вяселлі Домбі і пра вельмі арыстакратычнага сябра старога Джо, лорда Фінікса. У гэты час лорд Фінікс, якому трэба было быць у гатэлі Лонг і ляжаць у пасцелі, сядзіць за картачным сталом, куды яго прывялі, магчыма, насуперак яго жаданню, непаслухмяныя ногі.
Ноч, нібы велікан, займае ўсю царкву ад каменных пліт па самы дах і пануе тут у гадзіны маўчання. Бледны досвітак зноў заглядае цішком у вокны і, саступаючы месца дню, бачыць, як ноч ідзе ў скляпы, і ідзе за ёю, выганяе яе адтуль і хаваецца сярод мерцвякоў. Баязлівыя мышы зноў ціснуцца адна да другой, калі з грукатам адчыняюцца вялікія дзверы, і ўваходзяць містэр Саундс і місіс Міф, ідучы па кругу свайго штодзённага жыцця, непарушным, як шлюбны пярсцёнак. Зноў трохвуголка і завяўшы чапец відаць на заднім плане ў часе шлюбу; і зноў мужчына бярэ за жонку жанчыну, і жанчына бярэ за мужа мужчыну, даючы ўрачыстае абяцанне:
«Захоўваць і шанаваць ад гэтага часу, у шчасці і няшчасці, у багацці і беднасці, у хваробе і здароўі, любіць і песціць, пакуль смерць іх не разлучыць».
Гэтыя самыя словы паўтарае містэр Каркер, уязджаючы конна ў горад, і рот у яго расцягнены да вушэй, калі ён выбірае чысцейшую дарогу.