Жалеза было гарачае, і Рычардс, смела пачаўшы яго каваць, — гэта была добрая справа, і яна не траціла мужнасці, хоць інстынктыўна баялася містэра Домбі, — пажадала, каб міс Фларэнс неадкладна прыслалі сюды завязаць сяброўства з маленькім братам.
Яна прытварылася, быццам калыша дзіця, калі слуга пайшоў выконваць даручэнне, але ёй здалося, што містэр Домбі пабляднеў, што выраз яго твара рэзка змяніўся, што ён хутка павярнуўся, нібы хацеў узяць назад свае словы, і стрымаў яго толькі сорам.
І яе была праўда. У апошні раз ён бачыў сваю закінутую дачку у абдымках паміраючай маткі, што было для яго адкрыццëм і дакорам. Як ні захапляўся ён сваім Сынам, на якога ўскладаў такія вялікія надзеі, ён не мог забыцца пра гэту заключную сцэну. Ён не мог забыцца пра тое, што не прымаў у ёй ніякага ўдзелу.
Яго адносіны да дзяўчынкі былі адмоўнымі з самага дня яе нараджэння. Ён ніколі не адчуваў да яе агіды: няварта было, ды і не было гэта яму ўласціва. Яўнай непрыязнасці да яе ён не адчуваў. Але цяпер яна прыводзіла яго ў замяшанне. Яна парушала яго спакой. Ён хацеў-бы адагнаць думкі аб ëй зусім, калі-б ён ведаў, як гэта зрабіць. Можа — каму вырашаць гэткія задачы? — ëн баяўся, што зненавідзіць яе.
Калі маленькая Фларэнс баязліва ўвайшла, містэр Домбі перастаў хадзіць і зірнуў на яе. Калі-б зірнуў ён на яе з большай зацікаўленасцю, вачыма бацькі, ён прачытаў-бы ў яе зыркім позірку хваляванне і страх, якія прыводзілі яе ў замяшанне, — гарачае жаданне прытуліцца да яго, схаваць твар на яго грудзях і сказаць: «О, бацька, пастарайцеся палюбіць мяне! У мяне нікога больш няма!», затым баязнь, што яе адштурхнуць, баязнь быць занадта дзёрзкай і абразіць яго, пакутлівую патрэбу ў падтрыманні і падбадзёрванні, і нарэшце ён убачыў-бы, як яе дзіцячае сэрца, абцяжаранае непасільнай ношай, шукала якога-небудзь натуральнага прытулку і для смутку і для любові.
Але нічога гэтага ён не бачыў. Ён бачыў, як яна нерашуча спынілася ў дзвярах і паглядзела ў яго бок; і больш нічога ён не бачыў.
— Увайдзіце, — сказаў ён, — увайдзіце. Чаго баіцца гэтае дзіця?
Яна ўвайшла і, няўпэўнена азірнуўшыся, спынілася ля самых дзвярэй, моцна сціскаючы маленькія ручкі.
— Падыйдзіце, Фларэнс, — холадна сказаў бацька. — Вы ведаеце, хто я?
— Ведаю, тата.
— Ці не хочаце вы што-небудзь сказаць мне?
Слёзы, якія паказаліся ў яе на вачах, калі яна паглядзела на яго, застылі ад яго позірку. Яна зноў апусціла позірк і працягнула дрыжачую руку.