— Так, пані, — адказаў містэр Домбі, — шлюбны кантракт, так гавораць юрысты, ужо гатовы, і, як я вам казаў, Эдзіт, астаецца толькі прызначыць дзень для падпісання.
— Няма чаго мне прызначаць. Няхай будзе тады, калі вы захочаце, — сказала Эдзіт, ледзь зірнуўшы цераз стол на містэра Домбі.
— Заўтра? — прапанаваў містэр Домбі.
— Як вы хочаце.
— Або паслязаўтра, калі гэта больш адпавядае вашым планам? — прапанаваў містэр Домбі.
— У мяне няма ніякіх планаў. Я заўсёды ў вашым распараджэнні. Вызначце любы дзень.
— Ніякіх планаў, дарагая мая Эдзіт? — умяшалася маці. — Ды вы-ж ад раніцы да самай ночы заняты, і ў вас тысяча і адна справа з усялякімі пастаўшчыкамі!
— Пра гэта вы паклапаціліся, — адказала Эдзіт, павярнуўшыся да яе і злёгку насупіўшы бровы. — Вы з містэрам Домбі можаце дамовіцца паміж сабой.
— Зусім правільна, любачка, і вельмі разумна з вашага боку! — усклікнула Клеапатра. — Дарагая мая Фларэнс, сапраўды, вы павінны падыйсці і яшчэ раз пацалаваць мяне, мая любая!
Дзіўнае супадзенне: гэта зацікаўленасць да Фларэнс авалодвала Клеапатрай амаль што пасля кожнага дыялага, у якім Эдзіт прымала хоць-бы самы нязначны ўдзел!
У глыбіні душы містэр Домбі быў далёк ад таго, каб абурацца паводзінамі сваёй цудоўнай нявесты. У яго былі дастатковыя падставы сімпатызаваць яе ганарлівасці і халоднасці, бо ён падзяляў гэтыя пачуцці.
Да позняга часу не прыносілі свечкі, бо місіс Ск'ютон скардзілася, што ад іх ў яе пачынае балець галава; увесь гэты час Фларэнс і місіс Ск'ютон гутарылі (Клеапатра вельмі клапацілася аб тым, каб не адпускаць яе ад сябе), і Фларэнс паціху грала на фартэпіяна для задавальнення місіс Ск'ютон, прычым гэтая ласкавая лэдзі часамі адчувала патрэбу ў новых пацалунках, што бывала кожны раз пасля таго, як Эдзіт здаралася прамовіць слова. Між іншым, іх было мала, бо Эдзіт увесь час сядзела ў у баку, ля адчыненага акна (не зважаючы на тое, што маці баялася, каб яна не не адыходзіла, пакуль містэр Домбі не развітаўся і не пайшоў.
Тыдзень прамільгнуў хутка. Ездзілі да мадыстак, краўчых, ювеліраў, юрыстаў, кандзіцераў, у кветкавыя магазіны, і ва ўсіх гэтых паездках Фларэнс прымала ўдзел. Фларэнс павінна была прысутнічаць на вяселлі. З гэтай прычыны Фларэнс павінна была скінуць траур і апрануць пышнае ўбранне.