Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пацалавала і выбегла з пакоя. Ён азірнуўся, нібы жадаючы абмеркаваць з кім-небудзь гэта пытанне, але Эдзіт вышла зараз-жа ўслед за Фларэнс.

— Прызнайцеся-ж, дарагі мой Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, працягваючы яму руку, — што вы ніколі яшчэ не былі так здзіўлены і ўзрадаваны.

— Я ніколі не быў так здзіўлены, — адказваў містэр Домбі.

— І так узрадаваны, дарагі мой Домбі? — настойвала місіс Ск'ютон.

— Я… так, я надзвычай рад, што сустрэў тут Фларэнс, — сказаў містэр Домбі.

— Вы не разумееце, як яна апынулася тут, праўда? — запыталася місіс Ск'ютон.

— Магчыма, Эдзіт… — выказаў меркаванне містэр Домбі.

— О, ліхі адгадчык! — адазвалася Клеапатра, ківаючы галавой. — О, хітры, хітры чалавек! Мне не варта было-б гаварыць такія рэчы, дарагі мой Домбі, вы — мужчыны, такія фанабэрыстыя і такія схільныя злоўжываць нашымі слабасцямі, але вам вядома, што душа ў мяне адкрытая… Добра, зараз.

Гэтыя апошнія словы адносіліся да аднаго з вельмі высокіх маладых людзей, які далажыў, што абед гатоў.

— Але Эдзіт, дарагі мой Домбі, — прадаўжала яна шэптам, — калі яна не бачыць вас каля сябе, — а я ёй сказала, што не можа-ж яна заўсёды на гэта разлічваць, — Эдзіт хоча, каб каля яе было хоць што-небудзь або хто-небудзь з тых, хто вам блізкі. Так, гэта ў вышэйшай ступені натуральна!

З тае прычыны, што яна чакала адказу, дык містэр Домбі адказаў:

— У вышэйшай ступені!

— Ды благаславіць вас бог, дарагі мой Домбі, за тое, што вы такі добры! — усклікнула Клеапатра, паціскаючы яму руку. — Але я раблюся занадта сур'ёзнай. Будзьце ласкавы, правядзіце мяне ўніз, і паглядзім, які абед маюць намер прапанаваць нам гэтыя людзі. Ды благаславіць вас бог, дарагі Домбі!

Фларэнс і Эдзіт былі ўжо ў сталовай і сядзелі побач. Калі ўвайшоў бацька, Фларэнс хацела ўстаць, каб саступіць яму сваё месца, але Эдзіт рашуча паклала руку ёй на плячо.

Размову падтрымлівала амаль што адна місіс Ск'ютон. Фларэнс ледзь адважвалася падняць вочы, баючыся, каб ніхто не заўважыў, што яны заплаканыя; тым больш не адважвалася яна гаварыць; а Эдзіт была маўклівая і толькі адказвала на пытанні.

— Такім чынам, усе вашы падрыхтаванні амаль скончаны, праўда, дарагі мой Домбі? — запыталася Клеапатра, калі быў паданы дэсерт і сівавалосы дварэцкі вышаў. — Нават юрыдычны бок!

298