Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Планы мадысткі адносна гэтага ўбрання — мадыстка была францужанкай і была вельмі падобнай да місіс Ск'ютон — былі такія нявінныя і прыгожыя, што місіс Ск'ютон заказала такое-ж убранне сабе. Мадыстка заявіла, што на ёй яно будзе надзвычайным, і таму ўсе палічаць яе за сястру маладой лэдзі.

Тыдзень прамільгнуў хутка. Ён ляцеў нібы па крыллях. Надышоў апошні вечар гэтага тыдня, вечар перад вяселлем. У цёмным пакоі — бо місіс Ск'ютон усё яшчэ пакутвала ад галаўнога болю, хоць і спадзявалася назаўсёды пазбавіцца ад яго заўтра — былі гэта лэдзі, Эдзіт і містэр Домбі. Эдзіт зноў сядзела ля адчыненага акна, пазіраючы на вуліцу; містэр Домбі і Клеапатра, седзячы на канапе, гутарылі паціху. Ужо было позна. Фларэнс стомленая пайшла спаць.

— Дарагі мой Домбі, — сказала Клеапатра, — заўтра, калі вы забераце ў мяне любую маю Эдзіт, ці не пакінеце вы мне Фларэнс?

Містэр Домбі сказаў, што зробіць гэта з прыемнасцю.

Эдзіт раптам павярнулася. Яе абыякавасць у адну секунду дала месца гарачай цікавасці, і нябачная ў цемры, яна ўважліва прыслухоўвалася да размовы.

Містэр Домбі з найвялікшай прыемнасцю пакіне Фларэнс у такіх надзвычай добрых руках.

— Дарагі мой Домбі, — адказвала Клеапатра, — тысячу разоў дзякую за вашу добрую думку. Я баялася, што вы ад'язджаеце з каварным, загадзя абдуманым намерам, як кажуць праціўныя юрысты — гэтыя жудасныя людзі! — асудзіць мяне на поўную адзіноту.

— Чаму вы так несправядлівы да мяне, пані? — запытаўся містэр Домбі.

— Таму што мая дзівосная Фларэнс так цвёрда гаворыць мне, што заўтра павінна вярнуцца дадому, — адказала Клеапатра, — вось я і пачала баяцца, дарагі мой Домбі, што вы сапраўдны турэцкі паша.

— Запэўняю вас, пані, — запярэчыў містэр Домбі, — што я не даваў ніякіх загадаў Фларэнс, а калі-б і даў, то ваша жаданне вышэй усякіх загадаў.

— Дарагі мой Домбі, — адазвалася Клеапатра, — які вы галантны кавалер! Між іншым, гэтага я не магу сказаць, бо ў кавалераў няма сэрца, а аб вашым сэрцы сведчыць ваша цудоўнае жыццё і натура… Як, няўжо вы так рана пойдзеце, дарагі мой Домбі?

О, дапраўды, час ужо быў позны, і містэр Домбі думаў, што яму трэба ісці.

— У сапраўднасці ўсё гэта ці ў сне? — сюсюкала Клеапатра. — Ці магу я паверыць, дарагі Домбі, што заўтра раніцой вы вернецеся сюды, каб пазбавіць мяне маёй любай спадарожніцы, маёй роднай Эдзіт?

300