крэсле; — імя Эдзіт здаецца мне надзвычайным і арыстакратычным. Такім чынам, не сумняваюся, Лукрэцыя, вы ўзрадуецеся, даведаўшыся, што шлюб адбудзецца ў самы кароткі час; зразумела, узрадуецеся, — зноў красамоўны націск, — і будзеце ў захапленні ад гэтай перамены ў жыцці майго брата, які шмат разоў аказваў вам вельмі прыемную ўвагу.
Міс Токс нічога не сказала, але, узяўшы дрыглівай рукою маленькую лейку, няўважліва азірнулася вакол, нібы ўцямляючы, які прадмет абстаноўкі мае патрэбу ў вадзе. У гэты момант, крытычны для пачуццяў міс Токс, адчыніліся дзверы, міс Токс уздрыганулася, моцна зарагатала і кінулася ў абдымкі ўвайшоўшага; на шчасце, яна не магла бачыць ні гнеўнай фізіяноміі місіс Чык, ні маёра ля акна па той бок пляца, чый бінокль быў пушчан у работу і чый твар і фігура раздуліся ад мефістофельскай злараднасці.
Іншыя пачуцці ўладалі выгнаннікам-тубыльцам, які паслужыў апорай для абамлеўшай міс Токс; падняўшыся на верх з мэтай ласкава даведацца аб здароўі міс Токс (у выкананне каварнага загаду маёра), ён выпадкова прыбыў якраз у час, каб прыняць у свае абдымкі кволы цяжар і змясціць у сваім чаравіку ваду з маленькай лейкі.
На працягу некалькіх секунд гэты засмучаны іншакраінец прыціскаў міс Токс да свайго сэрца з энергіяй, якая надзвычай не адпавядала ўсхваляванаму яго твару, у той-час як гэта няшчасная лэдзі павольна вылівала на яго апошнія кроплі з маленькай лейкі, нібы ён быў далікатнай экзатычнай раслінай. Нарэшце, місіс Чык, набраўшыся духу, умяшалася і загадала яму пакласці міс Токс на канапу і выйсці; калі-ж выгнаннік хутка падначаліўся, яна пачала старацца вярнуць прытомнасць міс Токс.
Калі, нарэшце, міс Токс расплюшчыла вочы і паступова аджыла і азірнулася, місіс Чык адхіснулася ад яе, як ад злачынцы.
— Лукрэцыя! — сказала місіс Чык. — Я не буду ўтойваць свае пачуцці. Я раптам угледзела свет. Я гэтаму не паверыла-б, нават каб сказаў мне гэта святы.
— Як недарэчна, што я паддалася слабасці! — лепятала міс Токс. — Зараз мне будзе лепш.
— Зараз вам будзе лепш, Лукрэцыя! — з вялікай пагардай паўтарыла місіс Чык. — Вы думаеце, што я сляпая? Уяўляеце, што я здзяцінела? Не, Лукрэцыя. Я вам вельмі дзякую!
Міс Токс скіравала на сваю сяброўку ўпрашальны, бездапаможны позірк і закрыла твар насавой хустачкай.
— Калі-б хто-небудзь сказаў мне гэта ўчора, — велічна прадаўжала місіс Чык, — або нават поўгадзіны назад, я адчула-б спакусу сцерці гэтага чалавека з твару зямлі. Лукрэцыя Токс, я раптам угледзела свет і ўгледзела вас! Заслона спала з маіх вачэй.