— О, на што вы намякаеце так жорстка, дарагая мая? — праз слёзы запыталася міс Токс.
— Лукрэцыя, — сказала місіс Чык, — запытайцеся ў свайго сэрца. Я павінна прасіць вас аб тым, каб вы не карысталіся такімі фамільярнымі словамі, якія вы толькі што прамовілі. У мяне яшчэ асталася пашана да сябе, хоць вы, магчыма, думаеце інакш.
— О, Луіза! — закрычала міс Токс. — Як вы можаце так гаварыць са мною?
— Падумайце толькі, — прадаўжала місіс Чык, — што вы, адагрэўшыся, як гадзюка, ля ачага майго брата і праз мяне ўцёршыся ледзь не ў давер'е да яго, што вы, Лукрэцыя, маглі ўпотайку мець надзею на яго і дапускалі магчымасць яго сувязі з вамі! Недарэчнасць-жа гэтай ідэі, — з саркастычнай годнасцю праказала місіс Чык, — такая відавочная, што яна бадай што сцірае яе вераломства!
— Прашу вас, Луіза, — упрашала міс Токс, — не гаварыце такіх страшэнных рэчаў.
— Страшэнных рэчаў! — паўтарыла місіс Чык. — Страшэнных рэчаў! Хіба няпраўда, Лукрэцыя, што вы толькі што не маглі ўладаць са сваімі пачуццямі нават перад мною, якой вы зусім затуманілі вочы?
— Я не наракала, — усхліпнула міс Токс. — Я нічога не сказала. Калі я была крыху ўзрушана тым, што вы сказалі, Луіза, і калі прамільгала ў мяне калі-небудзь думка, што містэр Домбі схільны звярнуць на мяне асаблівую ўвагу, то ўжо вы, зразумела, мяне не асудзіце.
— Зараз яна скажа, — прамовіла місіс Чык, звяртаючыся да мэблі і пазіраючы на яе з пакорлівым і ўпрашальным выглядам, — зараз яна скажа — я гэта ведаю, — што я яе заахвочвала!
— Я не хачу адказваць дакорам, дарагая Луіза, — усхліпвала міс Токс. — І наракаць я не хачу. Але ў сваю абарону…
— Так! — усклікнула місіс Чык, з прароцкай усмешкай аглядаючы пакой. — Вось што яна зараз скажа. Я гэта ведала. Што-ж вы гаворыце? Скажыце проста! Якой бы вы не былі, Лукрэцыя Токс, будзьце шчырай, — праказала місіс Чык з непахіснай жорсткасцю.
— У сваю абарону, — пралепятала міс Токс, — у абарону ад вашых нягодных слоў, дарагая Луіза, я-б хацела толькі запытацца ў вас; хіба вы часцяком не патуралі гэтай мары і не казалі, што — хто ведае? — усё можа здарыцца?
— Ёсць межы, — сказала місіс Чык, устаючы з такім выглядам, нібы не мела намеру ступаць на падлогу, а збіралася паляцець да сваёй нябеснай бацькаўшчыны, — межы, за якімі цярпенне робіцца смешным, калі не злачынным. Я магу выцерпець шмат што, але не праз меру. Лукрэцыя, я памылялася наконт вас. Лепш для нас абодвух скончыць на гэтым. Я вам жадаю дабра і заўсёды буду жадаць вам дабра. Але, як чалавек, які