выказалася ў гэтым сэнсе — хоць і карысталася іншымі словамі, — што ён мае намер жаніцца ў другі раз.
Міс Токс шпарка ўсхапілася і вярнулася да сваіх кветак, падстрыгаючы сцяблы і лісцё так бязлітасна, як цырульнік стрыжэ валасы беднякоў.
— Ці адчуе яна ў поўнай меры гонар, ёй аказаны, — высокамерным тонам прадаўжала місіс Чык, — гэта ўжо іншае пытанне. Спадзяюся, што адчуе. На гэтым свеце мы абавязаны думаць добра адзін аб адным, і я спадзяюся, што яна адчуе. Што датычыць мяне, то са мною не раіліся. Калі-б са мною параіліся, то, вядома, да маёй парады паставіліся-б звысоку, і, значыцца, непараўнальна лепш так, як яно ёсць. Я лічу за лепшае, каб так яно і было.
Міс Токс, схіліўшы галаву, па-ранейшаму падстрыгала кветкі. Місіс Чык, энергічна ківаючы час ад часу галавою, прадаўжала гаварыць, нібы кідаючы некаму выклік.
— Калі-б мой брат Поль са мною параіўся — а іншы раз ён раіцца або, правільней, меў звычай раіцца, бо, зразумела, цяпер ён не будзе гэтага рабіць, і я лічу, што гэтая акалічнасць вызваляе мяне ад адказнасці, — істэрычна сказала місіс Чык, — бо, дзякуй богу, я не рэўнівая… — тут місіс Чык зноў выпусціла слязу, — калі-б мой брат Поль прышоў да мяне і сказаў: «Луіза, якія якасці параілі-б вы мне шукаць у жонцы?», я-б, зразумела, адказала: «Поль, вы павінны шукаць сям'ю, вы павінны шукаць прыгажосць, вы павінны шукаць благародства, вы павінны шукаць сувязі».
Міс Токс кінула шчоўкаць ножніцамі і, схіліўшы галаву да кветак, уважліва прыслухоўвалася. Магчыма, што ў гэтым уступе і ў гарачлівасці місіс Чык міс Токс убачыла, здавалася, нейкую надзею.
— Да гэтых довадаў я звярнулася-б, — прадаўжала разважалівая лэдзі, — бо, спадзяюся, я не дурная, я ўсё-такі разумная.
У часе наступіўшага кароткага маўчання ножніцы міс Токс слаба звякнулі разы два, але твар міс Токс аставаўся небачным, і ранішняе яе плацце трапятала. Місіс Чык паглядзела на яе коса, праз кветкі, што былі паміж імі, і зноў загаварыла тонам глыбокага пераконання і як чалавек, што спыняецца на акалічнасці, якая бадай ці заслугоўвае тлумачэння.
— Такім чынам, мой брат Поль, зразумела, зрабіў тое, што трэба было ад яго чакаць і што ўсе мы маглі прадбачыць, калі-б ён задумаў у другі раз жаніцца. Я зусім не сумняваюся ў тым, што маці — вельмі арыстакратычная і элегантная асоба, і не маю ніякага права аспрэчваць ці да месца яе пражыванне разам з імі, бо гэта справа Поля, а не мая. Што-ж датычыцца самой абранніцы Поля, то пакуль я бачыла толькі яе партрэт, але ён сапраўды цудоўны. І імя ў яе прыгожае, — прадаўжала місіс Чык, энергічна ківаючы галавой і болыш зручна ўсаджваючыся ў