міс Ніпер і прыдумаць спосаб, каб маленькая Фларэнс магла быць з ёю, не парушаючы правіл і не праяўляючы непакорлівасці. У той-жа вечар якраз выпаў зручны момант.
Як і заўсёды яна сышла па званку ў зашклёны пакой і доўга хадзіла з дзіцем на руках, як раптам яна вельмі здзівілася і нават спалохалася, калі вышаў містэр Домбі і спыніўся перад ёю.
— Добры вечар, Рычардс.
Такі самы строгі, чопарны джентльмен, якім яна яго ўбачыла ў той першы дзень, джентльмен з такім суровым позіркам, што яна мімаволі патупілася і зрабіла рэверанс.
— Як маецца майстар Поль, Рычардс?
— Расце, сэр, здаровы.
— Выгляд у яго здаровы, — сказаў містэр Домбі, углядаючыся з вялікай увагай у малюсенькі тварык, які яна прыадкрыла для яго, і, аднак, прытвараючыся ў нейкай меры роўнадушным. — Спадзяюся, вы атрымліваеце ўсё, што хочаце?
— Так, сэр, дзякую вам.
Аднак, яна з такім замяшаннем дала гэты адказ, што містэр Домбі, які ўжо адышоў ад яе, спыніўся і зноў павярнуўся да яе з дапытлівым выглядам.
— Мне здаецца, сэр, каб забавіць і развесяліць дзіця, нічога не можа быць лепш, як дазволіць іншым дзецям гуляць каля яго, — набраўшыся адвагі, заўважыла Полі.
— Калі вы паступілі сюды, Рычардс, — насупіўшыся, сказаў містэр Домбі, — я, здаецца, выказаў жаданне, каб вы як можна менш бачыліся са сваёй сям’ёй. Будзьце ласкавы, прагульвайцеся далей.
З гэтымі словамі ён вышаў ва ўнутраныя пакоі, а Полі здагадалася, што ён зусім не зразумеў яе намеру і што яна яго пакрыўдзіла, ніяк не наблізіўшыся да мэты.
У наступны вечар, калі яна сышла на ніз, яна ўбачыла, што містер Домбі прагульваецца па аранжарэі. Яна спынілася ў дзявярах, збянтэжаная гэтым незвычайным відовішчам, не ведаючы, ісці ей далей ці адступіць; ён падазваў яе.
— Калі вы сапраўды лічыце, што такое таварыства карысна дзіцяці, — сказаў ён адрывіста, нібы яму гэта толькі што прапанавалі, — дык дзе-ж міс Фларэнс?
— Лепш не знайсці, чым міс Фларэнс, сэр, — з запалам падхапіла Полі, — але са слоў яе маленькай служанкі я зразумела, што яны не…
Містэр Домбі пазваніў і пачаў хадзіць па пакоі, пакуль не з’явіўся слуга.
— Загадайце, каб міс Фларэнс пускалі да Рычардс, калі яна захоча, адпускалі з ёй на прагулку і так далей. Загадайце, каб дзецям дазволілі быць разам, калі гэтага хоча Рычардс.