Увогуле Задзіра была, як відаць, добрадушнай маленькай асобай, хоць і з’яўлялася вучнем у той школе выхаванцаў дзіцячага розуму, якая лічыць, што дзяцей, як і грошы, трэба добра трэсці, церці і пераціраць, каб надаць ім бляск, бо, пачуўшы гэту просьбу, якая суправаджалася ўпрашальнымі жэстамі і ласкамі, яна злажыла накрыж ручкі, паківала галавой, і позірк яе шырока адкрытых чорных вачэй стаў мякчэйшым.
— Нядобра, што вы мяне аб гэтым просіце, міс Флой, вы-ж ведаеце, што я не магу вам адмовіць, але мы з місіс Рычардс падумаем, што тут можна зрабіць, калі місіс Рычардс захоча. Мне, бачыце, місіс Рычардс, магчыма, хочацца праехацца ў Кітай, але, можа, я не ведаю, як выбрацца з лонданскіх докаў.
Рычардс згадзілася з гэтай заявай.
— Не такая ўжо весялосць пануе ў гэтым доме, — сказала міс Ніпер, — каб чалавеку захацелася большага адзіноцтва, чым тое, якое мімаволі церпіш. Вашы Токсы і вашы Чыкі могуць вырваць у мяне па два пярэднія зубы, місіс Рычардс, але гэта яшчэ не прычына, што я павінна падставіць ім усю сківіцу.
Гэтая заява таксама была прынята Рычардс як не выклікаючая сумненняў.
— Дык будзьце ўпэўнены, — сказала С’юзен Ніпер, — што я гатова жыць у дружбе, місіс Рычардс, пакуль вы астаецеся пры майстры Полі, калі ўдасца што-кольвечы выдумаць, не парушаючы адкрыта загаданняў, але, міс Флой, вы да гэтага часу яшчэ не раздзеліся, непаслухмяная вы дзяўчынка, ідзіце!
З гэтымі словамі С’юзен Ніпер наляцела на сваю маленькую пітоміцу і сілком вытурыла яе з пакоя.
Дзяўчынка, апанаваная смуткам і занядбалая, была такой спакойнай, такой смірнай, столькі было ў яе пяшчотнасці, у якой, здавалася, ніхто не меў патрэбы, і столькі хваравітай чуллівасці, якую, здавалася, ніхто не заўважаў і не баяўся раніць, што ў Полі сціснулася сэрца, калі яна зноў асталася адна. Простая размова, якая адбылася паміж ëю і асірацелай дзяўчынкай, расчуліла яе мацярынскае сэрца не менш, чым сэрца дзіцяці; і таксама, як дзіця, яна адчула, што з гэтай хвіліны паміж імі ўзнікла давер’е і блізкасць.
Не гледзячы на ўпэўненасць містэра Тудля ў Полі, яна бадай ці ведала больш за яго ў галіне набытых пазнанняў. Яна была наглядным прыкладам той натуры, якая ў цэлым можа лепш, больш чэсна, вышэй, больш благародна, хутчэй адчуць і праявіць большую сталасць у далікатнасці і міласэрдзі, самаафярнасці і адданасці, чым натура мужчынская. Хоць яна нічому не вучылася, яна магла-б з самага пачатку даць містэру Домбі крышачку ведаў, якія ў такім выпадку не здзівілі-б яго, як маланка, у канцы.
Але мы адхіліліся ў бок. У сучасны момант Полі думала толькі аб тым, як-бы замацаваць заваяваную прыхільнасць