Доктар і місіс Блімбер, у суправаджэнні (зусім не па яго жаданню) свайго сябра, дарагога пітомца, майстра Барнета, ужо накіраваліся ў Брайтон. Канікулы закончыліся; большая частка моладзі, што гасцявала на віле, раз'ехалася, і візіт Фларэнс, які зацягнуўся, скончыўся.
Быў між іншым, адзін госць, хоць і не гасціўшы у сэра Барнета, які нязменна аказваў увагу гэтай сям'і і па-ранейшаму аставаўся ёй адданым. Гэта быў містэр Тутс, што некалькі тыдняў назад аднавіў знаёмства, якое меў шчасце завязаць са Скетлсам-малодшым у той вечар, калі парваў блімбераўскія путы і, надзеўшы кальцо, вырваўся на волю, містэр Тутс, які з'яўляўся акуратна праз дзень і пакідаў у вестыбюлі цэлую калоду візітных картак; іх было столькі, што гэта цырамонія нагадвала партыю ў віст, прычым містэр Тутс раздаваў, а слуга быў партнёрам.
Затым містэр Тутс, якому прышла ў галаву дзёрзкая і шчаслівая думка напамінаць аб сабе гэтай сям'і, набыў шасцівёсельны катэр; экіпаж складаўся са спартыўных сяброў Пеўня, а рулём кіраваў гэты надзвычайны герой асабіста, які апранаў для гэтага выпадку яркачырвоную куртку пажарніка і хаваў пад зялёным казырком свой нязменны сіняк пад вокам. Пасля глыбокага раздум'я і вялікага напружання разумовых сіл містэр Тутс вырашыў назваць сваю лодку «Радасць Тутса», — далікатны камплімент Фларэнс, які не мог не заслужыць ухвалы ўсіх, хто ведаў зацікаўленых асоб.
Разваліўшыся на малінавай падушцы на барту сваёй элегантнай шлюпкі і задраўшы ногі, містэр Тутс снаваў узад і ўперад непадалёку ад саду сэра Барнета, загадваў сваёй камандзе зноў і зноў перасякаць раку пад вострым кутом з мэтай пакрасавацца, а вось хто-небудзь на яго глядзіць з вокнаў дома сэра Барнета, і прымушаў «Радасць Тутса» рабіць такія эвалюцыі, што здзівіў усіх прыбярэжных жыхароў. Але калі-б ні здарылася яму ўбачыць каго-небудзь у садзе сэра Барнета на беразе ракі, містэр Тутс абавязкова прытвараўся, быццам трапіў сюды ў выніку збегу акалічнасцей, надзвычай дзіўных і неверагодных.
— Як маецеся, Тутс? — пытаўся сэр Барнет, махаючы яму рукою з лужка, у той час як спрытны Певень кіраваў проста да берагу.
— Як маецеся, сэр Барнет? — адказваў містэр Тутс, — ну, ці не дзіва гэта, што я вас тут сустрэў! Ніколі яшчэ мне не здаралася так здзіўляцца! — усклікаў містэр Тутс. — А міс Домбі тут?
Пасля гэтага з'яўлялася часамі Фларэнс.
— Дыаген зусім здаровы, міс Домбі! — крычаў містэр Тутс. — Я даведваўся сёння раніцой.
— Вельмі дзякую вам! — гучаў у адказ прыемны голас Фларэнс.