Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Калі я была маленькай і калі ў таты бывалі госці, С'юзён, ці не бачылі вы калі-небудзь у нас гэтага джэнтльмена? — запыталася Фларэнс.

— Ведаеце, міс, — адказала, падумаўшы, яе служанка, — дапраўды, я не магу сказаць, бачыла я яго ці не. Калі памерла ваша няшчасная дарагая матуля, міс Флой, я толькі-толькі сюды паступіла, і мае месца было, — Ніпер пакрыўджана задрала нос, перакоканая, што містэр Домбі заўсёды наўмысна недаацэньваў яе заслуг, — наверсе, пад самым дахам!

— Так, правільна, — па-ранейшаму задумана сказала Фларэнс, — бадай ці маглі вы ведаць, хто бываў у доме. Я зусім забылася.

— Ва ўсякім выпадку, міс, — прадаўжала С'юзен, — я вельмі добра памятаю, што гэты самы джэнтльмен, містэр Каркер, быў і тады ўжо амаль не такім самым важным джэнтльменам пры вашым тату. Бывала гаварылі ў доме, што ён стаіць на чале ўсіх спраў вашага татулі ў Сіці і ўсім кіруе і што ваш татуля лічыцца з ім больш, чым з кім-бы там ні было, а гэта і не так ужо цяжка, прашу прабачэння, міс Флой, таму што ён ніколі і ні з кім не лічыўся.

— Так, С'юзен, — сказала Фларэнс, калі гэта маладая лэдзі замоўкла. — Ён карыстаецца давер'ем таты, і я ўпэўнена, што ён яго сябра.

Думкі Фларэнс усе былі заняты гэтым прадметам, і на працягу некалькіх дзён яна не магла ўнікнуць іх. Містэр Каркер у часе двух сваіх візітаў, што адбыліся пасля першага, трымаўся так, як быццам дамагаўся давер'я — на права з яго боку быць таямнічым і асцярожным, паведамляючы ёй, што пра карабль да гэтага часу нічога не чуваць, — на нейкую захаваную ўладу над ёю і ўплыў, — што прыводзіла яе ў неразуменне і выклікала трывогу. У яе не было магчымасці адштурхнуць яго або разарваць павуцінне, якім ён паступова яе аплятаў, бо патрабавалася пэўнае ўмельства і веданне свету, каб працівіцца яго хітрасці, а ў Фларэнс гэтага не было. Праўда, ён сказаў толькі, што пра карабль няма ніякіх вестак і ён баіцца горшага, але Фларэнс была вельмі ўстрывожана тым, як мог ён даведацца, што яна цікавіцца лёсам карабля, і чаму прысвоіў сабе права так каварна і таямніча намякаць ёй, што яму гэта вядома.

Пра Уолтэра яна думала часта. Ах, як часта думала яна пра яго ў цёмныя ночы, калі вецер завываў за сцяною! Але надзея не памірала ў яе сэрцы.

Яна напісала старому інструментальнаму майстру, але не атрымала адказу на сваю запіску, якая, між іншым, і не патрабавала адказу. Такія былі справы ў Фларэнс у тую раніцу, калі яна з радасцю ехала дадому, каб вярнуцца да ранейшага адзінотнага жыцця.

281