— Можа на бераг сойдзеце, Тутс? — гаварыў затым сэр Барнет. — Спяшацца вам няма куды. Зайдзіце да нас.
— О, гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам, — чырванеючы, адказваў містэр Тутс. — Я думаў, што міс Домбі рада будзе пра гэта даведацца, вось і ўсё. Бывайце!
І небарака містэр Тутс, які паміраў ад жадання прыняць запрашэнне, але не адважваўся гэта зрабіць, з болем у сэрцы даваў знак Пеўню, і «Радасць» адплывала, рассякаючы ваду, як страла.
Раніцою, у дзень ад'езду Фларэнс, «Радасць», упрыгожаная з незвычайнай раскошшу, стаяла ля прыступак саду. Калі Фларэнс пасля размовы з С'юзен спусцілася ўніз развітацца, яна застала ў гасцінай чакаўшага яе містэра Тутса.
— О, як маецеся, міс Домбі, — сказаў узрушаны Тутс, які заўсёды вельмі сароміўся, калі здзяйснялася сардэчнае яго жаданне і ён з ёю гутарыў. — Дзякую вам, я зусім здаровы, спадзяюся — і вы таксама, і Дыаген быў здароў учора.
— Вы вельмі добры, — сказала Фларэнс.
— Дзякую вам, гэта не мае ніякага значэння, — запярэчыў містэр Тутс. — Я падумаў, што з прычыны такога цудоўнага надвор'я вы не супраць былі-б вярнуцца дадому па рацэ, міс Домбі. У лодцы ёсць месца для вашай пакаёўкі.
— Я вам вельмі ўдзячна, — нерашуча сказала Фларэнс. — Дапраўды-ж, вельмі ўдзячна, але… мне-б не хацелася.
— О, гэта не мае ніякага значэння, — адказаў містэр Тутс. — Да пабачэння.
— Ці не хочаце пабачыць лэдзі Скетлс? — ласкава запыталася Фларэнс.
— О, не, дзякую вам, — адказаў містэр Тутс, — гэта не мае абсалютна ніякага значэння.
Але ў гэту хвіліну ўвайшла лэдзі Скетлс, і містэра Тутса раптам ахапіла нястрымнае жаданне запытацца, як яна маецца, і выказаць надзею, што яна здарова; паціскаючы ёй руку, містэр Тутс не мог яе адпусціць, пакуль не з'явіўся сэр Барнет, за якога ён адразу-ж ухапіўся ў вялікай роспачы.
— Сёння, Тутс, — сказаў сэр Барнет, паварочваючыся да Фларэнс, — мы трацім тую, якая свеціць усім нам у доме.
— О, гэта не мае ніякага значэння… гэта значыць, я хачу сказаць — так, вядома, — прамармытаў збянтэжаны Тутс. — Да пабачэння!
Не гледзячы на гэта энергічнае развітанне, містэр Тутс замест таго, каб пайсці, стаяў і разгублена азіраўся. Фларэнс, каб яго выручыць, пачала развітвацца і дзякаваць лэдзі Скетлс і ўзяла пад руку сэра Барнета.
— Ці магу прасіць вас, любая мая міс Домбі, — сказаў гаспадар дома, праводзячы яе да экіпажа, — перадаць найлепшыя мае пажаданні вашаму дарагому тату?