выбраць новы шлях, спыніць вас і выратаваць сябе. Адно я магу сказаць; я не змяніла той адзінай мэты, якую ў мяне хапіла сіл сабе паставіць — я ледзь было не сказала: мела магчымасць, паколькі вы, мама, знаходзіцеся каля мяне, — я не спакушала гэтага чалавека.
— Гэтага чалавека! — усклікнула маці. — Вы гаворыце так, як быццам ненавідзіце яго!
— А вы думалі, што я яго кахаю? — адазвалася тая, спыняючыся сярод пакоя і аглядаючыся. — А ці не назваць вам таго, — прадаўжала яна, не спускаючы вачэй з маці, — хто ўжо вельмі добра нас ведае і бачыць нас наскрозь і перад кім я адчуваю яшчэ менш павагі і давер'я да сябе, чым нават перад сабою — да такой ступені для мяне зняважліва тое, што ён мяне ведае?
— Я думаю, — холадна адказвала маці, — што вы нападаеце на беднага злашчаснага… як яго завуць? містэра Каркера. Адсутнасць у вас самапаважання і давер'я, дарагая мая, у сувязі з успамінаннем пра гэтага чалавека (які на мяне зрабіў прыемнае ўражанне) бадай ці можа зрабіць уплыў на ваша сямейнае жыццё. Чаму вы пазіраеце на мяне такім цяжкім поглядам? Вы хворая?
Раптам Эдзіт апусціла галаву, нібы адчула востры боль, і закрыла твар рукамі; нястрымныя дрыжыкі прабеглі па ўсім яе целе. Гэта хутка прайшло і звычайнай сваёй хадой яна вышла з пакоя.
РАЗДЗЕЛ XXVIII
Перамены.
— Нарэшце-такі, С'юзен, — сказала Фларэнс, звяртаючыся да непераймальнай Ніпер, — прышоў дзень, калі мы можам вярнуцца ў наш ціхі дом!
— І сапраўды вельмі ціхі, міс Флой, няма чаго і казаць! Надзвычай ціхі.
— Ці здаралася вам, — задуменна сказала Фларэнс пасля нядоўгіх размышленняў, — ці здаралася вам, калі я была маленькай, бачыць гэтага джэнтльмена, які вось ужо тры разы патурбаваўся заехаць сюды, каб пагаварыць са мною… здаецца тры разы, С'юзен?
— Тры разы, міс, — адказвала Ніпер. — Першы раз, калі вы гулялі з гэтымі Скет…
Фларэнс ціхмана паглядзела на яе, і міс Ніпер стрымалася.
— З сэрам Барнетам і яго жонкай, вось што я хацела сказаць, міс, і з маладым джэнтльменам. А пасля яшчэ два разы ўвечары.