Містэр Каркер пад'ехаў да дзверцаў каляскі з таго боку, дзе сядзела місіс Грэйнджэр, і, кінуўшы павады на шыю каня, з паклонам узяў у яе з рук алоўкі і, седзячы ў сядле, пачаў завострываць іх не спяшаючыся.
— Вам гэта падабаецца ці, можа, зрабіць малюнак больш закончаным? — запыталася Эдзіт, паказваючы эскіз містэру Домбі.
Містэр Домбі папрасіў не дакранацца больш да малюнка: гэта была дасканаласць.
— Цудоўна! — сказаў Каркер, паказваючы чырвоныя дзясны ў пацверджанне сваёй пахвалы. — Я не думаў, што ўбачу нешта такое дзівоснае і такое незвычайнае.
Прагулкай сярод руін Кенілуорта, якія вельмі наведваліся публікай, і аглядам яшчэ некалькіх пейзажаў, — большую частку якіх (напомніла містэру Домбі місіс Ск'ютон) Эдзіт ужо зарысавала, у чым ён мог пераканацца, разглядаючы яе малюнкі, — скончылася гэта экскурсія. Місіс Ск'ютон і Эдзіт былі адвезены дадому; містэр Каркер атрымаў ласкавае запрашэнне ад Клеапатры зайсці вечарком з містэрам Домбі і маёрам паслухаць як грае Эдзіт; і трое джэнтльменаў накіраваліся абедаць да сябе ў гасцініцу.
Гэты абед нічым не адрозніваўся ад учарайшага, толькі маёр зрабіўся за гэтыя дваццаць чатыры гадзіны больш радасным і менш таямнічым. Зноў пілі за здароўе Эдзіт. Зноў містэр Домбі быў прыемна збянтэжаны. А містэр Каркер выказваў поўнае спачуванне і ўхваленне.
Іншых гасцей у місіс Ск'ютон не было. Малюнкі Эдзіт былі раскіданы па пакоі, бадай, у большай колькасці, чым звычайна, а Уітэрс, змардаваны паж, падаваў больш моцны чай. Была арфа, стаяла фартэпіяна, і Эдзіт грала і спявала. Але нават музыкай Эдзіт плаціла, як кажуць, па чэку містэра Домбі ўсё з тым-жа непахісным выглядам. Напрыклад:
— Эдзіт, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон праз поўгадзіны пасля чаю, — містэр Домбі аж памірае ад жадання паслухаць вас. Я гэта ведаю.
— Дапраўды, мама, містэр Домбі яшчэ жывы і можа сказаць гэта сам.
— Я буду вельмі ўдзячан, — сказаў містэр Домбі.
— Што вы хочаце?
— Фартэпіяна? — нерашуча прапанаваў містэр Домбі.
— Як хочаце; вам астаецца толькі выбіраць.
І яна пачала граць на фартэпіяна. Так была справа і з арфай, і са спевамі, і з выбарам рэчаў, якія яна спявала і грала. Такое ледзяное і вымушанае, але ў той-жа час хуткае і падкрэсленае выкананне жаданняў, якія ён выказваў ёй — і толькі ёй адной — было такім надзвычайным, што яно не магло не прыцягнуць зыркай увагі містэра Каркера. Не ўнікнуў ад яго і той факт, што містэр Домбі відавочна ганарыўся сваёй уладай і не супраць быў яе паказаць.