чвэрць гадзіны, яна магла толькі пазяхаць, ён перанёс сваю ўвагу на містэра Домбі. Містэр Домбі гаварыў мала, толькі зрэдку заўважаючы: «Зусім правільна, Каркер», або: «Няўжо, Каркер?», але моўчкі заахвочваў Каркера прадаўжаць гутарку і зусім ухваляў у душы яго паводзіны, лічачы, што хто-небудзь павінен падтрымліваць размову, і думаючы, што заўвагі Каркера могуць забавіць місіс Грэйнджэр.
Калі Уорыкскі замак быў нарэшце вычарпан, таксама як і сілы маёра, не кажучы ўжо пра місіс Ск'ютон, каляска была падана зноў, і яны паехалі аглядаць ваколіцы. Аб адным з пейзажаў містэр Домбі паважна заявіў, што эскіз, зроблены — хоць- бы і неахайна — цудоўнай рукой місіс Грэйнджэр, будзе яму напамінкам аб гэтым прыемным дні. Хударлявы Уітэрс, які трымаў пад пахай альбом Эдзіт, зараз-жа атрымаў загад ад місіс Ск'ютон падаць гэты альбом, і каляска спынілася, каб Эдзіт магла зрабіць рысунак, які містэр Домбі меў намер захоўваць сярод іншага свайго скарбу.
— Баюся, што я надта вас турбую, — сказаў містэр Домбі.
— Ніколькі. Адкуль вы хацелі-б бачыць яго зарысованым? — запыталася яна, паварочваючыся да яго з такою-ж вымушанаю ўвагай, як і раней.
Містэр Домбі, з новым паклонам, ад якога затрашчаў яго накрухмалены гальштук, прасіў каб гэта пытанне вырашыла мастачка.
— Мне-б хацелася, каб вы самі выбралі, — сказала Эдзіт.
— У такім выпадку, — сказаў містэр Домбі, — скажам — адсюль. Месца як быццам падыходзіць для гэтай мэты, або… Каркер, як на вашу думку?
Непадалёку, на пярэднім плане, быў гаёк, вельмі падобны да таго, дзе містэр Каркер плёў раніцою павуціну слядоў, і лаўка пад дрэвам, якое вельмі нагадвала тое месца, дзе павуціна яго абарвалася.
— Адважуся звярнуць увагу місіс Грэйнджэр, — сказаў Каркер, — на гэты цікавы, бадай, нават надзвычай цікавы пункт, адкуль адкрываецца від.
Яна паглядзела ў той бок, куды ён паказваў дубцом, і хутка падняла на яго вочы.
— Вы ўхваляеце? — запыталася Эдзіт у містэра Домбі.
— Я буду ў захапленні, — адказаў містэр Домбі Эдзіт.
Такім чынам, каляска наблізілася да таго месца, якое прывяло ў захапленне містэра Домбі; Эдзіт, не выходзячы з экіпажа і разгарнуўшы альбом з уласцівым ёй ганарлівым роўнадушшам, пачала маляваць.
— Усе мае алоўкі ступіліся, — сказал яна, адрываючыся ад работы і перабіраючы іх адзін за адным.
— Дазвольце мне, — сказаў містэр Домбі. — А ў тым, Каркер гэта лепш зробіць, ён разумее ў такіх рэчах. Каркер, ці не будзеце вы ласкавы заняцца алоўкамі місіс Грэйнджэр.