Між іншым, містэр Каркер гуляў так добра — то з маёрам, то з Клеапатрай, з чыім пільным позіркам, які сачыў за містэрам Домбі і Эдзіт, не магла супернічаць ніводная рысь, — што нават вырас у вачах лэдзі-маткі; калі-ж, пры развітанні, ён паскардзіўся на неабходнасць вярнуцца заўтра раніцою ў Лондан, Клеапатра выказала ўпэўненасць, — бо крэўнасць душ — з'ява вельмі рэдкая, што яны сустракаюцца зусім не апошні раз.
— Спадзяюся, — сказаў містэр Каркер, накіраваўшыся да дзвярэй у суправаджэнні маёра і кінуўшы вельмі красамоўны позірк на стаяўшую зводдаль пару. — Я таксама думаю.
Містэр Домбі, велічна развітаўшыся з Эдзіт, нахіліўся або зрабіў спробу нахіліцца над ложам Клеапатры і сказаў напоўголаса:
— Я прасіў у місіс Грэйнджэр дазволу зрабіць ёй візіт заўтра раніцой — з пэўнай мэтай, — і яна дазволіла мне зайсці ў дванаццаць гадзін. Магу я спадзявацца, што пасля гэтага буду мець прыемнасць, пані, застаць вас дома?
Клеапатра была так усхвалявана і расчулена, пачуўшы гэту загадкавую гутарку, што магла толькі заплюшчыць вочы, паківаць галавой і працягнуць містэру Домбі руку, якую містэр Домбі, добра не ведаючы, што з ёю рабіць, патрымаў і выпусціў.
— Домбі, ідзіце! — крыкнуў маёр, заглянуўшы ў пакой.
Пры гэтых словах маёр пахлопаў містэра Домбі па спіне, падміргнуў, азірнуўшыся цераз плячо, дамам — гэта суправаджалася страшэнным прылівам крыві да галавы — і павёў яго.
Місіс Ск'ютон спачывала на софе, а Эдзіт моўчкі сядзела воддаль, каля арфы. Маці, забаўляючыся веерам, тайком паглядала на дачку, але дачка панура задумалася, апусціўшы вочы, і перашкаджаць ёй было не варта.
Так сядзелі яны цэлую гадзіну, не кажучы ні слова, пакуль не прышла, як звычайна, пакаёўка місіс Ск'ютон, каб падрыхтаваць яе паступова да сну. Гэтай служанцы належала па вечарах быць не жанчынай, а шкілетам з касой і пясочным гадзіннікам, бо яе дакрананне было дакрананнем Смерці. Расфарбаваная старая зморшчылася ад дотыку яе рукі; фігура скурчылася, валасы спалі, цёмныя дугападобныя бровы ператварыліся ў рэдзенькія пучкі сівых валасоў, бледныя губы ўваліліся, скура зрабілася мёртвай і драблай; месца Клеапатры заняла старая, змораная, жоўтая жанчына з дрыжачай галавой і чырвонымі вачыма, закручаная, як брудны клунак, у зашмальцаваную фланелевую капоту.
Нават голас перамяніўся, калі яны зноў асталіся адны і яна звярнулася да Эдзіт.
— Чаму вы не гаворыце, — рэзка сказала яна, — што ён заўтра прыдзе сюды, як вы дамовіліся?
— Таму што вы гэта ведаеце, мама, — адказала Эдзіт.
З якой насмешкай сказала яна гэта апошняе слова!