А гэты чароўны яе бацька! Спадзяюся, вы абажаеце Генрыха Восьмага[1]?
— Я ім захапляюся, — сказаў Каркер.
— Такі шчыры, ці не праўда? — усклікнула місіс Ск'ютон. — Такі паважны! Сапраўдны англічанін! Які прыгожы яго партрэт, гэтыя мілыя прыжмураныя вочы і добрадушны падбародак!
— Ах, пані, — сказаў Каркер, раптам спыняючыся, — ужо калі вы загаварылі аб карцінах, то вось яна перад вамі! У якой з галярэй свету можна ўбачыць што-небудзь роўнае гэтаму?
З гэтымі словамі джэнтльмен, які ўсміхаўся, паказаў у бок расчыненых дзвярэй, туды, дзе сярод пакоя стаялі ўдваіх містэр Домбі і Эдзіт.
Яны не абменьваліся ні словамі, ні позіркам. Стоячы побач адзін ля аднаго, яны, здавалася, былі адасоблены больш, чым калі-б іх раздзялялі моры. Ён — фанабэрысты, непахісны, чопарны, суровы. Яна — бясконца прывабная і грацыёзная, але ніякай увагі не звяртаючы ні на сябе, ні на яго, ні на ўсё акаляючае, з ганарыстым выглядам, які адлюстроўваўся на ілбе і вуснах, адмаўляючы свае ўласныя чароўнасці, нібы гэта было ненавіснае ёй кляймо або ліўрэя. Так былі яны своеасаблівы і непадобны, так гвалтоўна звязаны ланцугом, які выкаваў няшчасны выпадак і горкая доля, што можна было ўявіць, быццам партрэты на сценах вакол іх былі ўзрушаны такім ненатуральным саюзам.
Тым не менш місіс Ск'ютон была так зачарована карцінай, на якую звярнуў яе ўвагу містэр Каркер, што не ўтрымалася і паціху сказала аб тым, як гэта міла, колькі ў гэтым душы! Эдзіт, пачуўшы азірнулася і ад абурэння ўся пачырванела.
— Мая дарагая Эдзіт ведае, што я зачароўвалася ёю! — сказала Клеапатра, не без страху дакранаючыся парасонікам да яе спіны. — Любая дзяўчынка!
Зноў містэр Каркер стаў сведкам той барацьбы, якую выпадкова наглядаў у гаі.
Яна не падняла на яго вачэй, але, кінуўшы шпаркі загадны позірк, здавалася, прапанавала матцы падыйсці бліжэй. Місіс Ск'ютон вырашыла зразумець намёк і, паспешна наблізіўшыся са сваімі двума кавалерамі, больш ужо не адыходзіла ад дачкі.
Цяпер містэр Каркер — бо нішто не адцягвала яго ўвагі — пачаў гаварыць пра карціны, выбіраць лепшыя і паказваць іх містэру Домбі, не забываючыся фамільярна адзначаць, па свайму звычаю, велічнасць містэра Домбі і аддаваць яму ўвагу, прыстасоўваючы для яго бінокль, знаходзячы нумары ў каталагу, трымаючы яго кій і так далей. Спачатку ён звяртаўся пераважна да місіс Ск'ютон; але з прычыны таго, што гэта чуллівая лэдзі прышла ў такі экстаз ад твораў мастацтва, што калі прайшло
- ↑ Генрых VIII — англійскі кароль (1491–1547); каралева Бес — яго дачка, каралева Елізавета (1533–1603).