Задзіра не рабіла ніякіх паўз, хіба што ставіла коскі, выпальваючы ўсё, што мела сказаць, у адной фразе і па магчымасці адным духам.
— Міс Фларэнс толькі што вярнулася дадому, ці-ж непраўда? — запыталася Полі.
— Так, місіс Рычардс, толькі што вярнулася, і вось, міс Флой, не паспелі вы і чвэрці гадзіны пабыць дома, як ужо трыцëся мокрым тварам аб дарагую траурную сукенку, якую місіс Рычардс носіць па вашай мамачцы!
Пасля такой вымовы маладая Задзіра, чыё сапраўднае імя было С’юзен Ніпер, гвалтам адарвала дзяўчынку ад яе новага сябра, нібы вырвала зуб. Але, здавалася, яна гэта зрабіла без усякага злога намеру, а хутчэй за ўсё ад надзвычай вялікага парыву да сваіх службовых абавязкаў.
— Цяпер яна зноў дома і будзе зусім шчаслівай, — сказала Полі, ківаючы ёй галавой, і радасная ўсмешка паявілася на добрадушным яе твары. — А як-жа яна будзе рада, калі ўбачыць вечарам свайго дарагога татку!
— Эх, місіс Рычардс! — усклікнула міс Ніпер, адразу-ж падхапіўшы яе словы. — Досыць! Так і ўбачыць свайго дарагога татку! Хацела-б я гэта пабачыць!
— А хіба яна яго не ўбачыць? — запытала Полі.
— Ды не, місіс Рычардс, яе татка праз меру ужо займаецца некім другім, ды і пакуль што яшчэ не было некага другога, яна ніколі не была любіміцай; у гэтым доме дзяўчынкі за нішто, місіс Рычардс, магу вас упэўніць.
Дзяўчынка шпарка пераводзіла позірк з адной нянькі на другую, нібы разумела і адчувала, аб чым ідзе гутарка.
— Як вы мяне здзівілі! — усклікнула Полі. — Няўжо містэр Домбі не бачыў яе з таго часу…
— Так, так, — перапыніла Сюзен Ніпер. — Не бачыў з таго часу ні разу, ды і раней цэлымі месяцамі амаль не глядзеў на яе і бадай ці прызнае яе за сваю дачку, калі заўтра сустрэне на вуліцы, а што да мяне, місіс Рычардс, — хіхікнуўшы, дадала Задзіра, — дык падазраю, што ён не ведае аб маім існаванні.
— Любае дзіцятка! — сказала Рычардс, маючы на ўвазе не міс Ніпер, а маленькую Фларэнс.
— Шчаслівай вам раніцы, місіс Рычардс, ну, міс Флой, будзьце ласкавы ісці са мною і не ўпірайцеся, як непаслухмянае, капрызнае дзіцянё, якое не умее як трэба трымацца.
Не гледзячы на такое ўгаварванне і на штуршкі С’юзен Ніпер, якія пагражалі вывіхнуць правае плячо, маленькая Фларэнс вырвалася і пяшчотна пацалавала сваю новую сяброўку.
— Да пабачэння! — сказала дзяўчынка. — Хутка я зноў да вас прыду, і вы да мяне прыдзеце. С’юзен нам дазволіць. Дазволіце, С’юзен?