яна трымала ў руках, і прысела на лавачку ля ног карміліцы, пазіраючы ёй у твар.
— Жыла калісьці за свеце лэдзі, — пачала Рычардс, — вельмі добрая лэдзі, і маленькая дачка моцна яе кахала.
— Вельмі добрая лэдзі, і маленькая дачка моцна яе кахала, — паўтарыла дзяўчынка.
— І вось яна захварэла і памерла.
Дзяўчынка ўздрыганулася.
— Памерла, і ніхто ўжо не ўбачыць яе больш на гэтым свеце, і яе закапалі ў зямлю, дзе растуць дрэвы.
— У халодную зямлю, — сказала дзяўчынка, зноў уздрыгануўшыся.
— Не! У цёплую зямлю, — адказала Полі, — дзе непрыгожыя маленькія зерняткі ператвараюцца ў цудоўныя кветкі, у траву і калоссе і ці мала яшчэ ў што.
— Гэта мая мама! — усклікнула дзяўчынка, усхапляючыся абдымаючы Полі за шыю.
— А дзяўчынка, — прадаўжала Полі, прыціскаючы яе да грудзей, — маленькая дачушка, калі пачула аб тым ад незнаёмай карміліцы, якая і расказаць добра не умела, але сама была беднай маткай, толькі і ўсяго, — дачка плакала наўзрыд у яе на грудзях… пашкадавала малютку, што ляжала ў яе на каленях, і… ну, досыць, досыць! — гаварыла Полі, прыгладжваючы кудры дзяўчынкі, на якія капалі яе слёзы. — Досыць, бедненькая!
— Вось як, міс Флой! Ну і раззлуецца-ж ваш татулька! — пачуўся рэзкі голас, што належаў невысокай смуглай дзяўчыне, якая здавалася старэй сваіх чатырнаццаці гадоў, курносая і з чорнымі вачыма, падобнымі да пацерак з агата. — Ды вам-жа сурова было загадана, каб вы не хадзілі і не надакучалі карміліцы.
— Яна мне не надакучае, — адказала здзіўленая Полі. — Я вельмі люблю дзяцей.
— Ах, прашу прабачэння, місіс Рычардс, але гэта, ведаеце, нічога не азначае, — запярэчыла чорнавокая дзяўчына, якая была такой рэзкай і ўедлівай, што, здавалася, магла давесці чалавека да слёз. — Можа, я вельмі люблю ўжыўных слімачкоў, місіс Рычардс, але адсюль яшчэ не вынікае, каб мне іх падавалі да чаю.
— Ну, гэта глупства, — сказала Полі.
— Ах, вось як, дзякую вам, місіс Рычардс! — усклікнула рэзкая дзяўчына. — Аднак, будзьце так ласкавы, успомніце, што міс Флой пад маёй апекай, а майстар Поль — пад вашай.
— Але ўсё-такі нам няма за што сварыцца, — сказала Полі.
— О, так, місіс Рычардс! — падхапіла Задзіра. — Зусім няма за што, я гэтага не хачу, не завошта нам станавіцца ў такія дачыненні, калі пры міс Флой месца сталае, а пры майстры Полі — часовае.