Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кошка. Гэтыя тры пакоі размешчаны былі адзін за другім. Раніцамі, калі містэр Домбі снедаў у адным з першых двух пакояў, а таксама пад вечар, калі ён варочаўся дадому к абеду, чуўся званок, выклікаючы Рычардс, якая з’яўлялася ў зашклёнае памяшканне і там прагульвалася са сваім юным выхаванцам. Час ад часу паглядаючы на містэра Домбі, які сядзеў у цемры і пазіраў на дзіця з-за цёмнай цяжкай мэблі, — у доме шмат гадоў жыў яго бацька, і ў абстаноўцы аставалася нямала старамоднага і пахмурага, — яна пачала думаць аб ім і яго адасабленні, нібы ён быў вязнем, пасаджаным у адзіночную камеру, або дзіўнай зданню, якую нельга ні паклікаць, ні зразумець.

Ужо некалькі тыдняў карміліца маленькага Домбі Поля сама вяла такое жыццё, і вось аднойчы, калі яна вярнулася наверх пасля меланхалічнай прагулкі ў сумных пакоях (яна ніколі не выходзіла з дому без місіс Чык, якая з’яўлялася раніцамі ў добрае надвор’е, звычайна ў суправаджэнні міс Токс, каб вывесці на свежае паветра яе з дзіцем, або, інакш кажучы, урачыста вадзіла іх па вуліцы, нібы ў пахавальнай працэсіі) і сядзела ў сваім пакоі, дзверы павольна і ціха адчыніліся, і ў пакой заглянула маленькая чорнавокая дзяўчынка.

«Мусіць, гэта міс Фларэнс вярнулася дадому ад сваёй цёткі», падумала Рычардс, якая яшчэ ні разу не бачыла дзяўчынкі. — Спадзяюся, вы здаровыя, міс!

— Гэта мой брат? — запыталася дзяўчынка, паказваючы на дзіця.

— Так, любачка, адказала Рычардс. — Падыйдзіце, пацалуйце яго.

Але дзяўчынка замест таго, каб наблізіцца, сур’ёзна паглядзела ёй у твар і сказала:

— Што вы зрабілі з маёй мамай?

— Даруй божа, малютка! — усклікнула Рычардс. — Якое сумнае пытанне! Што я зрабіла? Нічога, міс.

— Што яны зрабілі з маёй мамай? — запыталася дзяўчынка.

— У жыцці не бачыла такога чуллівага дзіцяці! — сказала Рычардс. — Падыйдзіце бліжэй, любая мая міс. Не бойцеся мяне.

— Я вас не баюся, — сказала дзяўчынка, падышоўшы да яе. — Але я хачу ведаць, што яны зрабілі з маёй мамай.

— Любачка, — сказала Рычардс, — вы носіце гэтую прыгожанькую чорную сукенку на памяць аб сваёй маме.

— Я памятаю маму ва ўсякіх сукенках, — запярэчыла дзяўчынка з слязмі на вачах.

— Але людзі адзяюць чорнае, каб успамінаць пра тых, каго ўжо няма.

— Дзе-ж яны? — запыталася дзяўчынка.

— Падыйдзіце і сядзьце каля мяне, — сказала Рычардс, — а я вам нешта раскажу.

Дагадаўшыся адразу, што расказ павінен мець нейкія адносіны да яе пытанняў, маленькая Фларэнс паклала капелюш, які

21